Францішак адчыняе Святыя дзверы ватыканскай базылі Францішак адчыняе Святыя дзверы ватыканскай базылі 

Святы Айцец ініцыяваў падрыхтоўку да Святога Года 2025

Францішак даверыў Папскай радзе па новай евангелізацыі каардынацыю падрыхтоўкі Апостальскай Сталіцы да Святога Года 2025.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цягам апошніх дзён старшыня гэтай дыкастэрыі, арцыбіскуп Рына Фізікела сустракаўся з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і Сакратарыята па эканоміцы, - паведаміла Зала Друку.

Юбілейны або Святы Год адзначаецца ў Касцёле кожныя 25 гадоў і пачынаецца 24 снежня. З 1423 года афіцыйная ўрачыстасць суправаджаецца абрадам адкрыцця Святых дзвярэй у юбілейных касцёлах.

Папа робіць гэта ў базыліцы святога Пятра. Тут Святыя дзверы ўпершыню адчыніў 24 снежня 1949 г. Пій XII, з чаго пачаўся юбілейны 1950 год. Адкрыццю заўсёды папярэднічае сімвалічны трохразовы ўдар малатком. У перыяд паміж юбілеямі з унутранага боку базылікі Дзверы перакрываюцца цаглянай сцяной, якая ўзводзіцца адразу пасля заканчэння папярэдняга, і зносіцца перад адкрыццём наступнага Святога года.

Асаблівай духоўнай магчымасцю юбілеяў з'яўляецца адпуст. Звычайна яго можна было атрымаць у Рыме, наведаўшы адну з чатырох вялікіх базылік (святога Пятра, святога Паўла за Мурамі, святога Яна на Латэране, Маці Божай Вялікай – Санта-Марыя-Маджорэ). Такой прывілеяй карысталіся некаторыя італьянскія гарады. У юбілейныя 1983 і 2000 гады адпуст можна было атрымаць таксама ў вызначаных катэдральных і дыяцэзіяльных касцёлах.

Апошні чарговы юбілей адзначаўся як Вялікі Юбілей 2000 года ў другім тысячагоддзі прыйсця Хрыста ў свет.

Святы Год таксама праходзіў у адмысловых акалічнасцях. 1933 год быў абвешчаны Піем XI святым як напамін пра 1900-годдзе збаўчай смерці Хрыста. Ён працягваўся з 2 красавіка 1933 года па 2 красавіка 1934 года. У 1983 годзе па ініцыятыве Яна Паўла ІІ Юбілей адзначаўся ў 1950-ю гадавіну той жа падзеі. 2008 год па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI адзначаўся як Год святога Паўла ў другое тысячагоддзе нараджэння Апостала народаў.

Святы 2016 год быў абвешчаны 11 красавіка 2015 года Францішкам булай Misericordiae vultus як Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці. Ён праходзіў з 8 снежня 2015 года па 20 лістапада 2016 года.
 

27 снежня 2021, 10:19