Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У віншаваннях Папе Францішку з 85-годдзем беларускія біскупы нагадалі Пантыфіку пра запрашэнне наведаць краіну. 17 снежня 2021 г. з нагоды дня нараджэння Святога Айца епіскапат выказаў яму ўдзячнасць за памяць і малітву ў інтэнцыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй краіны, "якая перажывае не самыя спакойныя часы сваёй гісторыі". А таксама перадаў "глыбокае прагненне" вітаць Пантыфіка на беларускай зямлі. Біскупы пажадалі Францішку Божага бласлаўлення, штодзённай апекі Маці Божай, і каб Езус Хрыстус "умацоўваў у кожнай справе і добрым слове".
У Беларусь прыбыў Бэтлеемскі агонь міру. Дзякуючы каталіцкім скаўтам, 18-19 снежня 2021 г. сімвал Божага Нараджэння сустракаюць у многіх парафіях краіны, а напярэдадні яго першымі віталі ў Гродне. У катэдральную базыліку св. Францішка Ксавэрыя Бэтлеемскі агонь даставіла моладзь з польска-беларускай мяжы. Лампаду з агнём, запаленым у базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, прывітаў у галоўнай святыні дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сёлетняя акцыя перадачы Бэтлеемскага агню міру праходзіць пад дэвізам Святло надзеі.
Апостальскі Нунцый наведаў з візітам кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы. 15 снежня 2021 г. арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаў усім вернікам БПЦ у асобе Мітрапаліта Веніяміна віншаванні з нагоды Божага Нараджэння. Іерархі абмеркаваллі "бягучыя пытанні, якія ўяўляюць агульны інтарэс, і абмяняліся меркаваннямі пра становішча ў краіне і ў свеце". Таксама яны выказалі зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемаадносін на аснове гістарычна досведу пазітыўнага ўзаемадзеяння традыцыйных канфесій, абмяняліся добрымі пажаданнямі і падарункамі.
Юнакі і дзяўчаты з розных мясцін Беларусі ўдзельнічалі ў чуванні ў Мінску. У ноч з 11 на 12 снежня 2021 г. у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі сабраліся каля 170 маладых людзей. Тэмай сустрэчы сталі словы: Прыйдзіце, убачце і абвяшчайце ўсім народам. Св. Імшу для моладзі цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён падзякаваў юнакам і дзяўчатам за тое, што яны паслухаліся закліку Езуса, які звяртаецца да кожнага, і назваў моладзь тымі, "хто ў гэтым свеце абвяшчае Евангелле ў сваім асяроддзі". Канферэнцыя, Ружанец, спевы, Адарацыя былі наступнымі пунктамі чування.
У Магілёве аднавілі служэнне Імшы паводле “старажытнага абраду”. Са студзеня яе зноў будуць цэлебраваць кожную другую нядзелю месяца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (св.Станіслава). Адпаведны дэкрэт падпісаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У дакуменце аб цэлебрацыі св. Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду гаворыцца пра тое, што была прадстаўлена адпаведная просьба вернікаў архідыяцэзіі. Кс. Андрэй Кеўліч прызначаны дэлегатам арцыбіскупа, адказнага за пастырскую апеку над гэтай групай вернікаў і за служэнне св. Імшы ў экстраардынарнай форме.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі павіншаваў бяздомных сталіцы з Божым Нараджэннем. З удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas зладзіла святочны абед для бяздомных. Таксама іх павіншавалі з надыходзячым святам, перадалі падарункі і сродкі першай неабходнасці, заспявалі Калядныя песні. Гэта адбылося 15 снежня 2021 г. у Доме начнога знаходжання. У дабрачынным таварыстве дадалі, што дзякуючы ініцыятыве "Абеды для бяздомных" штодня больш за 70 чалавек атрымліваюць харчаванне, і штогод да акцыі "Аплатка" далучаюцца іерархі Касцёла.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.