Мітрапаліт Іларыён падчас сустрэчы з Францішкам Мітрапаліт Іларыён падчас сустрэчы з Францішкам 

Заява Маскоўскага Патрыярхату аб сустрэчы Францішка з Кірылам

Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату пракаментаваў словы Францішка адносна магчымасці яго сустрэчы з Патрыярхам Кірылам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён паведаміў: што “у дваццатых чыслах снежня” запланавана яго сустрэча з Папам, падчас якой плануецца “абмеркаваць шырокае кола пытанняў, якія датычацца двухбаковых адносін паміж Цэрквамі”. Сярод гэтых пытанняў ён назваў “магчымую ў далейшым” сустрэчу Францішка з Кірылам, дадаючы, што “ні месца, ні дата гэтай сустрэчы пакуль не вызначаны”.

“Адносна візіту Папы ў Маскву магу сказаць, што гэтае пытанне на двухбаковым узроўні не абмяркоўвалася”, - паінфармаваў Мітрапаліт Іларыён у спецыяльным паведамленні. Ён спадзяецца, што хуткая размова з Францішкам “дазволіць абмеркаваць усе пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

Нагадаем, 6 снежня 2021 г., падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Афін у Рым, Пантыфік паведаміў, што “сустрэча з Патрыярхам Кірылам – у недалёкай перспектыве”. Ён намякнуў, што яе месцам магла б стаць Фінляндыя, куды плануе адправіцца кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы, але агаварыўся, што "заўсёды гатовы паехаць у Маскву”, бо “каб паразмаўляць з братам, не патрэбныя пратаколы”.

У сваім паведамленні Мітрапаліт Іларыён заўважыў, што Патрыярха некалькі гадоў таму запрасілі ў Фінляндыю кіраўнік Евангелічна-Лютэранскай Царквы, мясцовы праваслаўны архіепіскап і каталіцкі біскуп Хельсінкі. “Аднак з таго часу "шмат вады выцекла", змянілася міжправаслаўная сітуацыя, пачалася пандэмія. Цяпер падрыхтоўка гэтага візіту прыпынена”, - сцвердзіў Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату.
 

07 снежня 2021, 11:25