Францішак падчас візіту на грэчаскі Лесбас Францішак падчас візіту на грэчаскі Лесбас 

Кардынал: Папа сканцэнтраваны не на мігрантах, а на любові

Кардынал Матэа Дзупі падзяліўся сваімі думкамі пра падарожжа Папы на Кіпр і ў Грэцыю. Папскае навучанне сканцэнтравана зусім не на мігрантах, а на любові да бліжняга, на дапамозе патрабуючым, - лічыць іерарх.

Ян Глінскі - Vatican News

У заахвочваннях Святога Айца да дыялогу і прыняцця мігрантаў арцыбіскупа італьянскай Балоньі моцна ўразіў заклік да Касцёла заставацца цярплівым. “Нам нельга верыць, што дастаткова аддаваць загады або навязваць рашэнні. Найперш патрэбна слуханне, як гэта было паказана на Лесбасе і стала самым кранальным момантам у падарожжы Францішка”, - сцвердзіў іерарх. Найважнейшае ў пасланні Пантыфіка – гэта не мігранты самі па сабе, а любоў да чалавека, якая сыходзіць з Евангелля.

Па словах кардынала Дзупі, не ўсе ў хрысціянскіх супольнасцях успрымаюць мігрантаў праз прызму Евангелля. “Так ёсць, незалежна ад таго, што неаказанне дапамогі можна разглядаць як злачынства. Прычыны такога стаўлення звязаны з адсутнасцю адпаведных рашэнняў. Гэтае пытанне звязана з палітыкай, хоць мы ўсе разумеем, як складана справіцца са з’явай міграцыйных патокаў. Гаворым пра гэта дзесяцігоддзямі, але спыненне міграцыі самой па сабе з’яўляецца фальшывым выйсцем”, - сцвердзіў іерарх.

“Міграцыйны ціск працягвае расці, але ліквідацыя гэтага крызісу не з’яўляецца супольнай справай, што таксама павялічвае незадавальненне і страх. Таму, у такой палярызацыі пазіцый, пасланне Францішка бачыцца як крайнасць. Але ён толькі кажа, што мы павінны быць чалавечнымі ў адносінах да людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, што мы павінны глядзець, каб людзі не жылі ў лагерах, і, калі хтосьці знаходзіцца пасярод мора, яго трэба ратаваць. Праўда тое, што Папа нястомна гэта паўтарае. Але не толькі ён. Хрысціянам кажа пра гэта Евангелле”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Балоньі.
 

10 снежня 2021, 12:00