Афрыканскі кардынал: Касцёл павінен быць на баку пакутных
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“У Касцёле ў Афрыцы павінна панаваць салідарнасць”, - напісаў арцыбіскуп Уагадугу ў сваім навагоднім звароце. Ён падкрэсліў, што менавіта біскупы і мясцовыя Caritas абавязаны павышаць дасведчанасць афрыканцаў у сферы сацыяльнай справядлівасці і адстойваць правы чалавека.
“Без салідарнасці мы не дасягнём аднаўлення эканомікі, не выплацім даўгі, якія душаць нашы краіны, і не пераадолеем голад, які забівае нашых блізкіх”, - лічыць іерарх.
Ён адзначыў, што ў цяперашні час Афрыка прыгнечана наступствамі пандэміі COVID-19 і бессэнсоўным насіллем, якое прывяло да смерці тысяч людзей і да ўнутранай міграцыі. “Малюся за бежанцаў, ахвяр братазабойчых войнаў і тэрарызму, каб было знойдзена рашэнне, якое дазволіць ім выйсці з ценю смерці”, - гаворыцца ў звароце.
Старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) адзначыў, што мір з’яўляецца адначасова і дарам ад Бога, і плёнам сумеснай прыхільнасці людзей. Ён заклікаў усіх жыхароў Афрыкі будаваць масты братэрства і ўкараняць культуру клопату.