Кардынал Філіп Уэдраога Кардынал Філіп Уэдраога  

Афрыканскі кардынал: Касцёл павінен быць на баку пакутных

Кардынал Філіп Уэдраога заклікаў Касцёл у Афрыцы стаць на бок тых, хто пакутуе, і актывізаваць свае намаганні на карысць бедных і маргіналізаваных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“У Касцёле ў Афрыцы павінна панаваць салідарнасць”, - напісаў арцыбіскуп Уагадугу ў сваім навагоднім звароце. Ён падкрэсліў, што менавіта біскупы і мясцовыя Caritas абавязаны павышаць дасведчанасць афрыканцаў у сферы сацыяльнай справядлівасці і адстойваць правы чалавека.

“Без салідарнасці мы не дасягнём аднаўлення эканомікі, не выплацім даўгі, якія душаць нашы краіны, і не пераадолеем голад, які забівае нашых блізкіх”, - лічыць іерарх.

Ён адзначыў, што ў цяперашні час Афрыка прыгнечана наступствамі пандэміі COVID-19 і бессэнсоўным насіллем, якое прывяло да смерці тысяч людзей і да ўнутранай міграцыі. “Малюся за бежанцаў, ахвяр братазабойчых войнаў і тэрарызму, каб было знойдзена рашэнне, якое дазволіць ім выйсці з ценю смерці”, - гаворыцца ў звароце.

Старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) адзначыў, што мір з’яўляецца адначасова і дарам ад Бога, і плёнам сумеснай прыхільнасці людзей. Ён заклікаў усіх жыхароў Афрыкі будаваць масты братэрства і ўкараняць культуру клопату.
 

05 студзеня 2022, 11:28