11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у свята Хросту Пана сустрэўся з вернікамі Гродна. На заканчэнне перыяду Нараджэння Пана, 9 студзеня 2022 года, ён узначаліў цэлебрацыю святой Імшы у катэдры св. Францішка Ксаверыя. На Эўхарыстыі сабраліся вернікі, каб супольна дзякаваць Богу за ласку хросту, за сваіх бацькоў і хросных, дзякуючы якім атрымалі вялікі дар веры. Іерарх нагадаў у гаміліі, што хрост ачышчае чалавека ад першароднага граху і іншых грахоў, калі хрысціцца дарослы. Ён патлумачыў, як быць сапраўднымі, а не штучнымі хрысціянамі - для гэтага трэба каб "Хрыстус, Касцёл, сакрамэнт пакаяння і міласэрнасць былі на першым месцы ў жыцці".

У Магілёве з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прайшла сустрэча духавенства рэгіёна. У парафіі св. Антонія 12 студзеня 2022 года сабраліся святары і законныя сёстры, якія нясуць служэнне ў Магілёўскім і Бабруйскім дэканатах. Словы віншавання да прысутных скіраваў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі, а цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуў увагу на рэфрэн рэспансарыйнага псальма з літургіі слова: "Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю" і заахвоціў прысутных кіравацца гэтымі натхнёнымі словамі ў штодзённым служэнні.

У Мінску грэка-католікі маліліся аб супакоі для душы памерлага Мітрапаліта Філарэта. 11 студзеня 2022 года, у першую гадавіну адыходу ў вечнасць былога Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, грэка-католікі ў духу міжканфесійнага дыялогу маліліся аб вечным жыцці для спачылага іерарха. Падчас цэлебрацыі Боскай Літургіі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек падзякаваў Богу "за архіпастырскае служэнне Мітрапаліта Філарэта, за ягоную хрысціянскую адкрытасць на міжканфесійны дыялог, які спрыяў пабудове адносін узаемнай павагі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі".

Абвешчана аб правядзенні набажэнстваў з нагоды 500-годдзя з часу выдання малітоўніка Францішка Скарыны. Надрукаваная ў 1522 годзе ў Вільні Малая падарожная кніжыца стала, па сутнасці, першым малітоўнікам для вернікаў, выдадзеным на беларускай мове. З нагоды юбілею выдання ў Літве 2022 год абвешчаны Годам Францішка Скарыны. Каб ушанаваць гэтую важную гістарычную падзею ў духоўна-рэлігійным жыцці, 20 студзеня 2022 года ў Мінску, Полацку, Вільні, Варшаве, Падуі і Празе адбудуцца ўрачыстыя цэлебрацыі св. Імшы. У прыватнасці ў Мінску ўрачыстасць узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а ў Полацку – старшыня біскупскай канферэнцыі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У Навагрудку зладзілі курсы Акадэмія трубы і калядны канцэрт. Курсы для моладзі з музычным талентам пры касцёле святога Міхала Арханёла 7-8 студзеня 2022 года правёў лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст аркестра з Аўстрыі Аляксандр Ахрэмка. Арганна-інструментыльны калядны канцэрт адбыўся 8 студзеня і сабраў большую, чым чакалі арганізатары, колькасць слухачоў. Акадэмія трубы ладзіцца ў Беларусі ўжо не першы раз – звычайна пры каталіцкіх парафіях у розных мясцінах. Мерапрыемства традыцыйна складаецца з дзвюх частак: заняткі і канцэрт.

Бура сарвала частку даху з магілёўскай гістарычнай катэдры. Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram аб пашкоджанні даху касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава моцным ветрам 14 студзеня 2022 года. У сувязі з гэтым іерарх папрасіў аб падтрымцы: "Звяртаюся да вас з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні дома Пана. Сваімі сіламі парафія не справіцца". Яшчэ не вядомы кошт страт, але збор сродкаў на аднаўленне пашкоджанай гістарычнай катэдры ўжо распачаты. На апублікаваных здымках відаць, як перад уваходам у святыню ляжаць часткі разбуранага драўлянага акратавання, таксама ёсць дзіры ў даху, якія ўтварыліся пасля буры.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, svjazep.org, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

15 студзеня 2022, 09:29