Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Чарговая італьянская дыяцэзія адмовілася ад хросных бацькоў

Біскуп чарговай італьянскай дыяцэзіі вырашыў адмовіцца ад хросных бацькоў падчас сакрамэнту хросту. Пастанова ўжо ўступіла ў сілу і будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Даменіка Магавэра, пастыр Мадзара-дэль-Вала лічыць, што роля гэтых асоб страціла свой духоўны сэнс, а іх прысутнасць на літургіі стала выключна фармальнай. Пастанова ўключыла ў сябе адмову і ад наяўнасці сведак падчас канфірмацыі.

Кіраўнік сіцылійскай дыяцэзіі – не першы італьянскі біскуп, які прыняў такое рашэнне. Ён падкрэсліў, што пры выбары хросных іх вера ўсё часцей адыходзіць на другі план, хоць іх задача – дапамагчы дзіцяці жыць сваёй верай. Біскуп Магавэра звярнуў увагу на ўсё большую крывадушнасць у гэтым аспекце, таму, перакананы ён, лепш часова спыніць традыцыйную практыку.

“Калісьці хросныя бацькі адыгрывалі важную ролю. Цяпер значэнне мае толькі канверт, а не глыбокі духоўны сэнс. Варта памятаць, што Кодэкс кананічнага права не кажа пра абавязковую прысутнасці хросных. Мы ўлічылі фактычны стан рэчаў дзеля павагі да сакрамэнту і жадання не страціць цалкам каштоўнасць хрысціянскага сведчання. Калі мы зразумелі, што хросныя бацькі становяцца толькі ўпрыгожаннем для літургіі і патэнцыяльнай крыніцай падарункаў, мы вырашылі спыніць гэтую тэндэнцыю. Неабходныя намаганні, каб вярнуць хросным бацькам іх поўны духоўны сэнс, і тады яны змогуць вярнуцца зноў”, - пракаментаваў сваё рашэнне італьянскі біскуп.
 

11 студзеня 2022, 10:57