Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера падчас размовы з Францішкам Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера падчас размовы з Францішкам 

Католікі Казахстана дзякуюць Папу за падтрымку і малітву

Католікі Казахстана ўдзячныя Францішку за падтрымку і малітву. На гэта звярнуў увагу кіраўнік мясцовага епіскапату, адначасова просячы вернікаў маліцца аб адкрыцці новых гарызонтаў міру ў краіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец нагадаў свету аб крызісе ў Казахстане падчас нядзельнай сустрэчы на Анёл Панскі. Ён маліўся, каб тут, “праз пошук дыялогу, справядлівасці і агульнага дабра, як мага хутчэй, была знойдзена грамадская гармонія”. Між тым сітуацыя ў краіне па-ранейшаму напружаная. Прынамсі 160 чалавек былі забітыя ў вулічных акцыях пратэсту і больш за 8 тысяч – арыштаваныя.

“Мы заахвочваем да дыялогу і прымірэння. Насілле ніколі не прыносіць нічога добрага”, - сказаў біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера. Ён з'яўляецца пастырам дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы, які найбольш пацярпеў ад насілля.

“Ад усяго сэрца дзякую Папу за словы падтрымкі. Усведамленне таго, што мы не самотныя, што ён памятае пра нас і расказвае свету аб нашай сітуацыі, вельмі важна для нас, тым больш, што мы практычна адрэзаныя ад інтэрнэту і пазбаўленыя магчымасці камунікацыі”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

Ён назваў сітуацыю складанай. “У народзе ёсць воля да дыялогу і жаданне перамен. Мы молімся, каб перамены на карысць казахстанцаў адбываліся ў атмасферы згоды і міру, без прымянення сілы і гвалту. Мы жадаем новых гарызонтаў міру для нашай Радзімы і яе жыхароў. Усю надзею мы ўскладаем на Бога і на апякунку Казахстана, Маці Божую з Азёрнае, Каралеву міру”, - адзначыў біскуп Мумбіела Сьера.
 

12 студзеня 2022, 12:19