Кардынал Жазэф Дэ Кэсэль Кардынал Жазэф Дэ Кэсэль 

Бельгійскі кардынал пра чатыры напрамкі рэформы Касцёла

Крызіс, які перажывае Касцёл, – гэта сітуацыя, калі “ён усведамляе, што свет больш не з'яўляецца тым хрысціянскім, якім быў на працягу 16-ці стагоддзяў”, - лічыць бельгійскі кардынал Жазэф Дэ Кэсэль.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку арцыбіскупа Мехелен-Брусэльскага, неабходную рэформу нельга ажыццявіць хутка, яна будзе доўжыцца некалькі гадоў. “Ecclesia semper reformanda. Гэта бесперапынная праца”, - падкрэсліў ён у эфіры нацыянальнага тэлеканала La Une.

Іерарх звярнуў увагу на чатыры прыярытэтныя напрамкі неабходных змен. Першы – прыняць рэчаіснасць: не стаяць у апазіцыі да грамадства, якое больш не з’яўляецца хрысціянскім. Другі – гэта духоўнае навяртанне: “капітальны рамонт”структур, звязаных з сутнасцю веры. “Каб прысутнічаць у секулярызаваным свеце, Касцёл павінен вярнуцца да сваёй крыніцы. У нас ёсць скарб. Сваім сведчаннем і паводзінамі мы можам прынесці ў свет гэты вялікі скарб веры ў Бога”, - адзначыў кардынал Дэ Кэсэль.

Трэці кірунак змен – адыход ад “рэфлексу тоеснасці”. “Сацыяльныя пытанні, якімі займаецца Францішак: міграцыя, экалогія, беднасць – гэта выключна хрысціянскія пытанні. Неабходны дух, адкрыты свету і ўдзел у вялікіх выкліках чалавецтва”, - падкрэсліў пастыр бельгійскай сталіцы.

Нарэшце, чацвёрты напрамак перамен – пакора: сціплы Касцёл, які не жадае навязвацца, але прысутны побач і блізкі людзям.
 

19 студзеня 2022, 11:01