Ксёндз Жузэ Тран Нгок Тхань Ксёндз Жузэ Тран Нгок Тхань 

Пераслед хрысціян: новыя ахвяры на азіяцкім кантыненце

Хроніка пераследу хрысціян ў Азіі дапоўнілася новымі трагічнымі выпадкамі: на працягу апошніх выходных дзён на гэтым кантыненце былі забіты два пастыры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

29 студзеня 2022 года у В’етнаме загінуў 40-гадовы каталіцкі святар, дамініканін, айцец Жузэ Тран Нгок Тхань. Трагедыя здарылася ў дыяцэзіі Дак-Мот, у 40 кіламетрах на паўночны-захад ад Кантума. Злачынца, узброены нажом, накінуўся на законніка, які спавядаў перад вечаровай святой Імшой у Касцёле, прычыніўшы яму смяротныя раненні. Пазней ён быў затрыманы паліцыяй. Пахаванне айца Тран Нгок Тханя прайшло 31 студзеня ў горадзе Б’енхоа.

Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся ў Пакістане. У суботу 30 студзеня ў горадзе Хаятабад, недалёка ад Пешавара, невядомыя ўзброеныя людзі на матацыкле расстралялі аўтамабіль, у якім знаходзіліся тры пратэстанцкія пастары. У выніку нападу загінуў 75-гадовы Вільям Сірай, яшчэ адзін пастар, Наэм Патрык, атрымаў раненне ў руку і знаходзіцца ў шпіталі.

В’етнам і Пакістан уваходзяць у сумны рэйтынг 50-ці самых небяспечных для хрысціян краін у свеце, які быў нядаўна прадстаўлены міжнароднай ініцыятывай Open Doors. Першую пазіцыю ў ім сёлета заняў Афганістан, пасунуўшы на другое месца Паўночную Карэю.
 

31 студзеня 2022, 14:06