Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News
У Мінску прадстаўнік Папы маліўся аб міры. У архікатэдры 26 студзеня 2022 года адбылася св. Імша ў інтэнцыі міру, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч – у адказ на ініцыятыву Францішка. Падчас гаміліі ватыканскі дыпламат працытаваў беларускага пісьменніка Васіля Быкава і адзначыў: "У сваім гімне вы спяваеце: "Мы, беларусы, мірныя людзі..." Няхай жа Беларусь будзе домам, дзе сапраўды жывуць сыны і дочкі супакою, якія разумеюць каштоўнасць міру". У той жа час старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у сваім звароце запрасіў не толькі 26 студзеня, а таксама ў бліжэйшую нядзелю дадаць у малітве вернікаў інтэнцыю аб міры ва Украіне.
Памяць ахвяр Халакосту ўшанавалі з удзелам прадстаўнікоў духавенства ў Гродне. Памятную дату разам з прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны 27 студзеня 2022 года прыйшлі адзначыць неабыякавыя гараджане, ад імя Касцёла прысутнічаў віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз Антоні Грэмза. Сустрэча адбылася пры ўваходзе ў былое гета. Пасля cупольнай малітвы ўдзельнікі пайшлі ў сінагогу, дзе запалілі шэсць сімвалічных свечак памяці.
Нунцый і два біскупы разам з прадстаўнікамі розных канфесій маліліся ў Мінску. У межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян у архікатэдры адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіч, Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, а таксама прадстаўнікоў грэка-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх канфесій краіны. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на Божым слове: "Гэта вельмі сімвалічна ў перспектыве адзінства хрысціян. Менавіта Божае слова як адна з крыніц нашай веры з’яўляецца адным і адзіным для ўсіх хрысціянскіх канфесій".
Фестываль мастацтваў Раство з капуцынамі прайшоў у Беларусі ў трэці раз. Большасць фестывальных падзей ладзілі ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы, а фінальны канцэрт адбыўся 23 студзеня 2022 года ў Докшыцах. Сёлета фестываль набыў афіцыйны статус, свой адметны дакумент - дыплом, прафесійны калектыў журы і арганізатараў. У межах фестывалю адбыўся шэраг мерапрыемстваў і канцэртаў.
У Мінску прайшла сустрэча каталіцкай і праваслаўнай моладзі. У межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян 22 студзеня 2022 года моладзь мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі наведала сваіх праваслаўных аднагодкаў з прыхода Усіх Святых. Сустрэча дзвюх моладзевых супольнасцей адбылася ў сценах храма-помніка, дзе каталіцкая моладзь мела магчымасць наведаць крыпту і пастаянную экспазіцыю Музей памяці. Пасля экскурсіі кіраўнік руху праваслаўнай моладзі Агіёс Мікалай Камарчук распавёў гасцям пра дзейнасць гэтай арганізацыі. Адказны за моладзь архікатэдральнай парафіі ксёндз Андрэй Бурак у сваю чаргу расказаў пра тое, як дзейнічае моладзевае душпастырства пры катэдры.
Біскуп Гродзенскі прыняў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў духавенства дзвюх канфесій у Лідзе. У мясцовым замку 26 студзеня 2022 года адбыўся ўрачысты прыём прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай канфесій, якія дзейнічаюць у раёне. Сустрэча арганізавана з ініцыятывы мясцовых уладаў. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас сустрэчы выказаў надзею, што "на нашых землях будуць і далей жыць разам у адзінстве і міры ўсе канфесіі", падкрэсліў, "што вельмі важна, каб ва ўсіх сем’ях панавалі згода, любоў і еднасць і каб Бога ніколі не падзялялі на "вашага" і "нашага", бо ўсе мы дзеці Божыя".
Фестываль калядных песень Gloria in Excelsis Deo прайшоў у Іўі ўжо ў 19-ы раз. Свята калядных песень і пастаралак адбылося 23 студзеня 2022 года. Сёлета фестываль сабраў каля 120 удзельнікаў з амаль усіх парафій Іўеўшчыны ў розных намінацыях: салісты, хоры, дуэты, трыо. Жамчужынай фестывалю стала выступленне гурту, у склад якога ўвайшлі кіраўнікі парафіяльных груп, святары і законныя сёстры.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.