Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Расіі: ход гісторыі залежыць ад цяперашніх рашэнняў

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Расіі скіравала зварот з нагоды ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны. Каталіцкія біскупы заклікаюць палітычных дзеячаў зрабіць усё дзеля спынення канфлікта.

Ян Глінскі - Vatican News

На пачатку звароту біскупы Расіі падкрэсліваюць, што палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай, які перайшоў ва ўзброенае супрацьстаянне, нясе смерць і пагражае бяспецы ўсяго свету.

“Народы нашых краін аб'ядноўвае не толькі супольная гісторыя, але і супольныя велізарныя пакуты, якія выпалі нам у мінулым з-за шаленства вайны. Нашыя народы заслугоўваюць міру, і не толькі як адсутнасці вайны, але такога міру, які заключаецца ў цвёрдай рашучасці паважаць іншых людзей, іншыя народы і іх годнасць. Няхай нашыя сучаснікі ведаюць, што ім давядзецца даць строгую справаздачу аб распачатых імі ваенных дзеяннях. Бо ад іх цяперашніх рашэнняў шмат у чым залежыць ход наступных стагоддзяў“, – напісалі біскупы Расіі.

Каталіцкія іерархі заклікаюць “усіх палітычных дзеячаў, ад якіх залежыць гэтае рашэнне, зрабіць рашуча ўсё дзеля спынення гэтага канфлікту”.

“Мы таксама звяртаемся да ўсіх людзей, асабліва да братоў хрысціянаў, з заклікам супрацьстаяць ілжы і нянавісці і быць крыніцай прымірэння, а не памнажэння нянавісці і насілля”, - гаворыцца ў звароце каталіцкага епіскапату Расіі, які заклікае вернікаў да гарачай малітвы і посту.
 

25 лютага 2022, 11:41