Кардынал Бо пра сітуацыю ў М’янме праз год пасля перавароту
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Касцёл адчувае боль народу, раздзяляе яго пакуты і драму голаду, - заўважыў старшыня епіскапату М’янмы ў першую гадавіну перавароту. “Мы разумеем ваша расчараванне і ваш супраціў”, - сказаў іерарх, звяртаючыся да жыхароў краіны, нагадваючы, аднак, што выкарыстанне зброі ні да чаго добрага не прывядзе. “Існуюць іншыя спосабы – мірныя”, - дадаў ён.
Кардынал звярнуў увагу на цяжкае становішча хрысціян, якія цяпер пераследуюцца ўладамі асаблівым чынам. Ён нагадаў пра напады на храмы і манастыры, якія сталі прытулкамі для мірнага насельніцтва, а таксама пра бязлітасныя абстрэлы касцёлаў, пра насілле ў адносінах да жанчын і дзяцей.
“Мы перажываем працяглы Крыжовы шлях, дзе райскі сад, якім магла бы стаць наша краіна, нагадвае Кальварыю”, - сказаў кардынал Бо, запэўніваючы ў тым, што біскупы не пакінуць свой народ. Хрысціяне пакліканы несці аздараўленне параненым, быць прыладамі міру, якія запальваюць святло надзеі пасярод сумнай цемры, - дадаў ён.
Іерарх настойліва заклікаў кіраўніцтва вайсковай хунты да дыялогу з народам, вызвалення затрыманых, адкрыцця гуманітарных калідораў, гарантавання свабоды словы і павагі да правоў чалавека. Міжнародная супольнасць, на яго думку, павінна не забываць пра М’янму: зрабіць усё магчымае для спынення паставак зброі і забяспечыць доступ да гуманітарнай дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі.
Кардынал Бо паведаміў, што палова з 54 мільёнаў жыхароў М’янмы жыве ў беднасці. Сітуацыя з хранічным голадам з’яўляецца крытычнай у 14-ці з 15-ці бірманскіх штатаў. У выніку канфлікту загінулі па меншай меры 1,5 тысяч чалавек, каля 12 тысяч былі арыштаваны. Ваенны пераварот паклаў канец дзесяцігоддзю доўгачаканых рэформ, якія пачаліся пасля амаль паўстагоддзя кіравання вайскоўцаў, а таксама амаль у два разы павялічыў колькасць унутраных бежанцаў. Іерарх падкрэсліў, што людзі жывуць у атмасферы страху, трывогі і голаду: М’янма стала тэрыторыяй ваенных дзеянняў, якія вядуць да агоніі краіны.