Папа Францішак і кардынал Луіджы Дэ Маджыстрыс Папа Францішак і кардынал Луіджы Дэ Маджыстрыс 

Пантыфік моліцца за спачылага кардынала Дэ Маджыстрыса

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю італьянскага кардынала Луіджы Дэ Маджыстрыса. Іерарх адышоў у вечнасць 16 лютага 2022 года ў сваім родным горадзе Кальяры на Сардзініі ў 95-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Успамінаючы гэтага дарагога брата, які, кіруючыся нястрымнай святарскай руплівасцю, з вялікай адданасцю служыў Пану і Касцёлу, я з удзячнасцю ўзгадваю яго велікадушнае служэнне Апостальскай Сталіцы як мудрага і стараннага супрацоўніка маіх папярэднікаў”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, якую Францішак скіраваў на імя арцыбіскупа Кальяры Джузэпэ Батуры.

“Думаю таксама пра яго любоў да сакрамэнту прымірэння, які ён заўсёды ўдзяляў з вартай захаплення дбайнасцю пра дабро душ”, - дадаў Святы Айцец, запэўніваючы ў сваёй блізкасці родных памерлага кардынала і ўсю дыяцэзіяльную супольнасць Кальяры.

Луіджы Дэ Маджыстрыс нарадзіўся 23 лютага 1926 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1952 годзе. З 1979 па 2001 – рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі. У 1996 годзе атрымаў біскупскую сакру, а ў 2001 годзе стаў арцыбіскупам і Вярхоўным про-пэнітэнцыярыем. Гэту пасаду ён займаў да 2003 года, пасля чаго выйшаў на пенсію. У 2015 года папа Францішак надаў іерарху кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Дэ Маджыстрыса Калегія кардыналаў складаецца з 213 іерархаў, з якіх 119 – выбаршчыкі, а 94 – без права голасу на канклаве.
 

17 лютага 2022, 09:35