Айцец Рычард Масіві Айцец Рычард Масіві 

Пантыфік моліцца за забітага афрыканскага святара

Вітаючы пілігрымаў, прысутных на агульнай аўдыенцыі, якая 16 лютага 2022 года прайшла ў Ватыкане, Папа пракаментаваў забойства каталіцкага святара ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

36-гадовы айцец Рычард Масіві, з Ордэна Рэгулярных Клерыкаў Меншых, быў забіты 2 лютага ўзброенымі людзьмі на тэрыторыі правінцыі Паўночнае Ківу. Святар вяртаўся ў сваю парафію пасля святой Імшы ў горадзе Кан’ябаёнга, якая праходзіла з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця.

“Няхай смерць айца Рычарда, ахвяры вартага жалю насілля, якому няма апраўдання, не перашкодзіць яго родным, яго манаскай сям’і і ўсёй хрысціянскай супольнасці гэтай краіны, нягледзячы на цяжкасці, быць вестунамі і сведкамі дабрыні і братэрства, наследуючы прыклад Езуса, Добрага Пастыра”, - сказаў Святы Айцец.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга знаходзіцца на 40-м месцы ў рэйтынгу 50-ці самых небяспечных для хрысціян краін свету, які на пачатку 2022 года быў прадстаўлены міжнароднай ініцыятывай Open Doors. Галоўнай пагрозай для вызнаўцаў Хрыста тут з’яўляюцца ісламскія экстрэмісты, асабліва актыўныя ва ўсходняй частцы краіны, дзе і адбылося забойства айца Рычарда Масіві.
 

16 лютага 2022, 12:11