Папа афіцыйна пацвердзіў выбар армянскага каталіцкага Патрыярха
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта адбылося падчас святой Імшы ў ватыканскай базыліцы, якую ўзначаліў Папа ў свята Ахвяравання Пана і ў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Новы Патрыярх, якога Сінод абраў у Рыме 23 верасня 2021 года, асабіста прысутнічаў на Эўхарыстыі.
“Новы Айцец і Кіраўнік Патрыяршай Царквы папрасіў Святога Айца прыняць яго ў касцёльную супольнасць, што было пацверджана ў лісце, абвешчаным 24 верасня 2021 года”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку. Пры гэтым адзначаецца, што шматвяковы звычай прадугледжвае, што касцёльная супольнасць публічна пацвярджаецца падчас Эўхарыстыі, якую цэлебруе Папа ці яго дэлегат з новым Патрыярхам.
Армянская Каталіцкая Царква налічвае каля 800 тысяч вернікаў ва ўсім свеце, у асноўным у Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе, а таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы і на Блізкім Усходзе.