Францішак з Патрыярхам Рафаэлем Бедрасам ХХІ падчас Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы Францішак з Патрыярхам Рафаэлем Бедрасам ХХІ падчас Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы 

Папа афіцыйна пацвердзіў выбар армянскага каталіцкага Патрыярха

У сераду, 2 лютага 2022 года, Францішак зноў пацвердзіў касцёльную супольнасць з новым армянскім каталіцкім Патрыярхам Кілікіі Рафаэлем Бедрасам ХХІ (Мінасянам), які такім чынам афіцыйна ўступіў на пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта адбылося падчас святой Імшы ў ватыканскай базыліцы, якую ўзначаліў Папа ў свята Ахвяравання Пана і ў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Новы Патрыярх, якога Сінод абраў у Рыме 23 верасня 2021 года, асабіста прысутнічаў на Эўхарыстыі.

“Новы Айцец і Кіраўнік Патрыяршай Царквы папрасіў Святога Айца прыняць яго ў касцёльную супольнасць, што было пацверджана ў лісце, абвешчаным 24 верасня 2021 года”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку. Пры гэтым адзначаецца, што шматвяковы звычай прадугледжвае, што касцёльная супольнасць публічна пацвярджаецца падчас Эўхарыстыі, якую цэлебруе Папа ці яго дэлегат з новым Патрыярхам.

Армянская Каталіцкая Царква налічвае каля 800 тысяч вернікаў ва ўсім свеце, у асноўным у Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе, а таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы і на Блізкім Усходзе.
 

03 лютага 2022, 09:01