Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Успамін Апосталаў славян: літургія ля магілы святога Кірыла

Прадстаўнікі ватыканскай дыпламатыі прымуць удзел у цэлебрацыі з нагоды літургічнага ўспаміну святых Кірыла і Мятода, якая пройдзе 14 лютага 2022 года ў рымскай базыліцы святога Клімента.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Урачыстую святую Імшу ўзначаліць арцыбіскуп Марыё Джардана, былы Апостальскі нунцый у Славакіі. Будзе прысутнічаць таксама Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Сусветнай турыстычнай арганізацыі, мансеньёр Маўрыцыа Браві.

Святая Імша завершыцца працэсіяй са свечкамі і малітвай ля магілы святога Кірыла ў падзямеллях старажытнай базылікі. Урачыстасць стане нагодай для таго, каб узгадаць пра 70-годдзе з дня ўстанаўлення над магілай святога Кірыла мармуровага алтара. Ён быў зроблены дзякуючы ініцыятыве і фінансавай падтрымцы славацкіх мігрантаў-католікаў з ЗША і Канады ў 1952 годзе.

Штогадовую літургію ў гонар Апосталаў славян у базыліцы святога Клімента па чарзе рыхтуюць чатыры папскія калегіумы ў Рыме: славацкі, чэшскі, харвацкі і славенскі. Сёлета яна была арганізавана супольнасцямі Папскага славацкага інстытута і Папскага славацкага калегіума святых Кірыла і Мятода. У святой Імшы прымуць удзел 15 паслоў розных краін пры Святым Пасадзе, члены дыпламатычнай місіі Еўрапейскай Саюза пра Апостальскай Сталіцы, дэлегацыя з Чэхіі і прадстаўнікі асацыяцыі “Шлях святых Кірыла і Мятода”. 

 

14 лютага 2022, 11:51