Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Статыстыка Касцёла: у свеце працягвае расці колькасць католікаў

Колькасць католікаў у свеце расце. У 2020 годзе іх было ўжо 1 360 мільёнаў, або на 1,2% больш, чым годам раней. Найбольшы прырост быў у Азіі і Афрыцы, найменшы – на еўрапейскім кантыненце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican New

Гэтыя даныя змешчаны ў нядаўна апублікаваным Annuarium Statisticum Ecclesiae 2020 – статыстычным даведніку Каталіцкага Касцёла. Сталых дыяканаў стала больш, біскупаў, святароў і семінарыстаў – менш.

У 2019-2020 гадах колькасць ахрышчаных у свеце павялічылася на 16 мільёнаў, гэта практычна прапарцыянальна павелічэнню насельніцтва свету. Доля католікаў у сусветнай папуляцыі па-ранейшаму складае каля 17,7%, як і ў папярэднія гады. Аднак на асобных кантынентах сітуацыя адрозніваецца ад сусветнай. У Афрыцы колькасць католікаў вырасла на 2,1%, у Азіі – на 1,8%, у Еўропе – на 0,3%.

Змяншэнне колькасці духавенства ў адносінах да колькасці католікаў яскрава сведчыць аб дысбалансе паміж дэклараванай верай і запатрабаванасцю ўдзелу ў публічных формах яе вызнання. У 2020 годзе на аднаго святара прыпадала на 69 католікаў больш, чым у 2019 годзе. На 397 вырасла колькасць пастаянных дыяканаў, іх цяпер у свеце больш за 48 тысяч. На ўсіх кантынентах, асабліва ў Еўропе, значна скарацілася колькасць кандыдатаў да святарства. Выключэнне складае Афрыка, тут іх стала на 2,8% больш.
 

15 лютага 2022, 11:42