Рэліквія Цярновага вянка з сабора Нотр-Дам у Парыжы Рэліквія Цярновага вянка з сабора Нотр-Дам у Парыжы  

Святкаванне гадавіны сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага

У Парыжы 12 лютага 2016 года адзначылі шостую гадавіну гістарычнай сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага ў Гаване. У касцёле святога Германа з Асэра адбылася малітва ля рэліквіі Цярновага вянка Езуса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican New

У набажэнстве прынялі ўдзел кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і Мітрапаліт Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату. На ім прысутнічаў таксама Апостальскі адміністратар Парыжскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп Жорж Панцье.

Да пажару ў саборы Нотр-Дам рэліквія захоўвалася ў яго сховішчы. Цяпер яна часова перанесена ў Луўр, побач з якім і знаходзіцца касцёл святога Германа.

Мітрапаліт Іларыён нагадаў, што праваслаўныя набажэнствы ля Цярновага вянка праходзілі ў парыжскім саборы на працягу многіх гадоў. Сярод іншых ля яго маліўся Патрыярх Аляксій II. Важная рэліквія Мукі Езуса скіроўвае позірк на пакуты вызнаўцаў Хрыста, звярнуў увагу прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы. “Мы ўзносім асаблівыя малітвы за пераследаваных хрысціян у Афрыцы, у розных яе частках, дзе мы бачым сапраўднае знішчэнне нашых братоў і сясцёр”, - сказаў праваслаўны іерарх.

У сваю чаргу кардынал Кох згадаў гістарычны момант у каталіцка-праваслаўных адносінах, якім стаў візіт Патрыярха Аляксія II у Парыж у 2007 годзе. Гэта быў першы візіт кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы па запрашэнні мясцовага Каталіцкага Касцёла. Ён дадаў, што Цярновы вянок аб’ядноўвае хрысціян у пашане перад адзіным Панам і Збаўцам, Які ў гадзіну сваёй мукі маліўся, каб усе яны былі адным. Швейцарскі кардынал таксама згадаў мучанікаў ХХ стагоддзя. Ён працытаваў заяву Францішка і Кірыла з сустрэчы ў Гаване, дзе падкрэсліваецца, што мучанікі нашага часу належаць да розных Цэркваў, але аб’яднаныя агульнымі пакутамі з’яўляюцца закладам адзінства хрысціян.

Пасля кароткіх прамоў Цярновы вянок быў прынесены ў працэсіі на алтар. Прагучала праваслаўная малітва па-французску, затым каталіцкае і праваслаўнае духавенства ўшанавала рэліквію. Напрыканцы сабраныя разам праспявалі Ойча наш, а кардынал Кох удзяліў благаслаўленне.
 

15 лютага 2022, 12:05