11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва Украіне правялі беларускія вернікі. Згодна з заклікам старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, ініцыятыву салідарнасці рэалізавалі 16 лютага 2022 г. "Сёння вельмі блізка мы адчуваем пагрозу, якая можа перарасці ў глабальны канфлікт, наступствы якога нават цяжка сабе ўявіць. Сёння як ніколі наш агульны дом патрабуе супакою", - адзначыў іерарх. Яго прапанова стала адказам на заклік епіскапату Украіны аб малітве і посце ў інтэнцыі міру.

Прадстаўнікі Касцёла абмеркавалі са старшынёй Мінаблвыканкаму стан храмаў Будслава і Стоўбцаў. Паводле Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, 15 лютага 2022 г. ён праінфармаваў кіраўніка сталічнага рэгіёна Аляксандра Турчына аб падрыхтоўцы праекту адбудовы будслаўскага касцёла, аб пошуках арганізацый, якія будуць гатовыя выканаць няпростую працу, а таксама аб працягу будаўніцтва святыні ў Стоўбцах. Дарэчы, туды ў бліжэйшы час запланавана ўрачыстае перанясення нядаўна знойдзеных парэштак айца-дамініканіна Фабіяна Малішоўскага.

За ксяндза Казіміра Жыліса памаліліся ў Гродне ў першую гадавіну яго смерці. Эўхарыстыю 15 лютага 2022 года ўзначаліў пыстыр дыяцэзіі, біскуп Аляксандр Кашкевіч у катэдральнай базыліцы. На малітве, якая пачалася з прагляду кароткага фільма пра жыццё і дзейнасць спачылага святара, сабраліся вернікі, духавенства і сёстры законныя. Нагадаем, а. Казімір шмат гадоў служыў у гродзенскай катэдры, развіваў душпастырства цвярозасці, кіраваў тэлестудыяй дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў мясцовую турму і папраўчыя калоніі.

Першы беларускі каталіцкі святар з'явіўся ў TikTok. У дзень святых Кірыла і Мятода, 14 лютага 2022 года, сваё першае відэа загрузіў у папулярную сацсетку ксёндз Павел Рудзьман – душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі. У TikTok ён запусціў свой праект Кава са святаром. Дагэтуль ён стаў паспяховым у Instagram, але святар не спыніў евангелізацыю на гэтым і пачаў асвойваць найбольш папулярную сярод моладзі сацсетку. У сваім праекце святар публікуе кароткія відэа на духоўныя тэмы. Як правіла, за кубкам кавы ён каментуе ўрывак з Евангелля, які прапануе Літургія.

Дзень святога Валянціна адзначылі ў адзінай у Беларусі аднайменнай парафіі. Парафіяльны фэст прайшоў у Смалявічах – тут 13 лютага 2022 года мясцовыя вернікі сабраліся ў касцёле і прасілі святога навучыць Божай любові і прабачэнню. Для ўдзельнікаў фэсту падрыхтавалі адмысловыя падарункі – незвычайныя "валянцінкі"-сэрцайкі. "Чалавек створаны з Божай любові і для любові, няхай кожны будзе напоўнены ёй спаўна! Не бойцеся жыць для любові!" - пажадалі ў парафіі.

Карнавал для дзяцей прайшоў у Віцебску. Пры касцёле Езуса Міласэрнага 12 лютага 2022 года правялі традыцыйнае забаўляльнае мерапрыемства перад Вялікім постам. На карнавал завіталі героі казак, дыджэй, а дзеці разам з сёстрамі законнымі не забыліся праз малітву запрасіць на свята Езуса. Пасля спеваў, танцаў і конкурсаў, якімі быў насычаны карнавал, дзеці падсілкаваліся слодычамі і паўдзельнічалі ў конкурсе касцюмаў.

Відэа з пробашчам у Росіцы стала папулярным у YouTube. Экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Аляксандр Жарнасек прыняў удзел у праекце папулярнага свецкага медыя Onliner. Ролік пад назвай Маналог экзарцыста за два дні набраў звыш 50 тысяч праглядаў і шмат пазітыўных водгукаў – у тым ліку ад людзей, якія прызнаюцца, што далёкія ад хрысціянства. Святар распавёў пра гісторыі выгнання дэманаў, пра бабак-шаптух, аматараў картаў Таро і пустых "вернікаў", якія ходзяць у храм, як па інэрцыі. Ён патлумачыў, што такое апантанасць, у чым сутнасць экзарцызму, з якімі праблемамі і пытаннямі звяртаюцца да яго людзі, а таксама пра гісторыю свайго паклікання.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

19 лютага 2022, 10:55