Бэнэдыкт XVI далучыцца да акту прысвячэння Расіі і Украіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Адказваючы на пытанне агенцтва CNA, асабісты сакратар Папы-эмерыта, арцыбіскуп Георг Генсвайн адказаў: “Вядома, Бэнэдыкт XVI далучыцца да малітвы папы Францішка аб прысвячэнні Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі”. Ён зробіць гэта ў прыватным парадку.
Пакаяннае набажэнства 25 сакавіка 2022 года ў Ватыкане, якое ўзначаліць Францішак, пройдзе ў еднасці з мясцовымі Касцёламі на ўсіх кантынентах. Пантыфік запрасіў біскупаў і святароў усяго свету аб’яднацца з ім у малітве.
Маці Божая падчас аб’яўлення 13 ліпеня 1917 года ў Фаціме прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу, заяўляючы, што, калі гэтая просьба не будзе прынята, краіна працягне распаўсюджваць “свае памылкі па ўсім свеце, спрыяючы войнам і пераследу”.
Такое ж набажэнства – таксама ў свята Звеставання Пана – здзейсніць у самой Фаціме кардынал Конрад Краеўскі, які прыбудзе ў партугальскі марыйны санктуарый у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца.