Кардынал Крыстаф Шонбарн Кардынал Крыстаф Шонбарн 

Кардынал: Францішак засяроджваецца на “здаровай” дэцэнтралізацыі

Рэформа Рымскай курыі, праведзеная Францішкам, па сутнасці, накіравана на “здаровую” дэцэнтралізацыю Касцёла, - лічыць кардынал Крыстаф Шонбарн.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Назва новай Канстытуцыі ў цэлым адносіцца да духу, у якім павінны фарміравацца арганізацыя і дзейнасць органаў Рымскай курыі”, - падкрэсліў арцыбіскуп Венскі пасля публікацыі дакумента пад назвай Praedicate Evangelium (Абвяшчайце Евангелле). Ён лічыць, што гаворка тут ідзе пра ўзмацненне сумеснай адказнасці паміж Папам і Рымскай курыяй, з аднаго боку, і мясцовымі Касцёламі з другога.

Апостальская канстытуцыя, якая ўступае ў сілу 5 чэрвеня 2022 года, ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы, у 250 параграфах рэгламентуе структуру Рымскай курыі.

Дэцэнтралізацыя і евангелізацыя ўжо былі на парадку дня Апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium, апублікаванай на пачатку пантыфікату Францішка, у 2013 годзе. Дзякуючы гэтаму, многія элементы рэформы Курыі былі рэалізаваны ў апошнія гады, яшчэ перад публікацыяй цяперашняй Канстытуцыі.

Паводле кардынала Шонбарна, “перспектыўнымі” з'яўляюцца змены ў кіраванні эканамічнай сферай, якія ідуць паралельна з рэформай Курыі. Ён падкрэсліў, што ў цэлым задаволены доўгачаканым выданнем дакумента, паколькі такім чынам Францішак выконвае пажаданні, якія выказваліся кардыналамі перад канклавам у 2013 годзе.

77-гадовы арцыбіскуп Венскі на працягу многіх гадоў сам быў чальцом многіх органаў і ўстаноў Рымскай курыі. У цяперашні час ён застаецца ў складзе новых Дыкастэрыі веравучэння, Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў і Дыкастэрыі па евангелізацыі. Кардынал Шонбарн таксама ўдзельнічае ў працы Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў і Камісіі кардыналаў па справах Інстытута рэлігійных спраў - Ватыканскага банка.
 

22 сакавіка 2022, 10:57