logo caritas.jpg

Расія: Caritas пра наступствы санкцый для самых бедных

Наступствы міжнародных санкцый, уведзеных супраць Расіі, закранаюць найбольш уразлівыя групы насельніцтва краіны: бедных, дзяцей-сірот, пажылых і інвалідаў, - заявіла дырэктар Санкт-Пецярбургскага Caritas.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У выніку міжнародных санкцый супраць буйных расійскіх банкаў, мясцовыя дабрачынныя каталіцкія арганізацыі былі пазбаўленыя сродкаў. “Гэта мае катастрафічныя наступствы для бедных, бяздомных і людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, у краіне”, - звярнула ўвагу Наталля Пяўцова. Яна адзначыла, што наступствы падзей ва Украіне закранаюць людзей, якія не вінаватыя ў тым, што там адбываецца.

Яна адзначыла, што каталіцкая супольнасць спрабуе дапамагчы, чым можа, але, як невялікая меншасць у краіне, расійскія католікі не ў стане падтрымліваць усю дабрачынную сферу.

Пяўцова кіруе Санкт-Пецярбургскім Caritas амаль з самага пачатку яго існавання, з 1990-х. “У цяперашні час усё, што было пабудавана з 1991 года, цалкам нішчыцца”, - з горыччу ацэньвае сітуацыю яна. Таксама нямецкія валанцёры былі выкліканы назад у Германію.

Жанчына падзялілася драматычнымі навінамі ад сваіх калег з поўдня Расіі: у гэтыя дні яны вымушаны клапаціцца пра 150 тысяч украінскіх уцекачоў, але ў іх няма ніякіх рэсурсаў для гэтага. “Сітуацыя на поўдні Расіі – гэта гуманітарная катастрофа”, - заключыла дырэктар Санкт-Пецярбургскага Caritas.
 

03 сакавіка 2022, 11:29