На вуліцах Адэсы. Ілюстрацыйнае фота На вуліцах Адэсы. Ілюстрацыйнае фота 

Украінскі біскуп: вайна нас моцна з’яднала

Каталіцкі Касцёл у Адэсе не перастае рознымі спосабамі падтрымліваць мясцовае насельніцтва і моліцца за ахвяр вайны, якіх становіцца ўсё больш і больш.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мы пастаянна чуем сірэны паветранай трывогі, а час ад часу таксама і стрэлы. Гэта вельмі трывожна. Мы начуем у сховішчы ў падвале. На працягу дня, аднак, няспынна аказваецца падтрымка людзям”, - распавёў Папскаму фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” біскуп Адэска-Сімферопальскі Станіслаў Шырокарадзюк.

Іерарх заўважыў, што ў касцёлах Адэсы святая Імша цэлебруецца некалькі раз на дзень, а святары заўсёды застаюцца даступнымі для людзей. “Прысутнасць святароў у касцёлах мае вялікае значэнне для іх. Акрамя таго, пры святынях раздаюцца прадуктовыя наборы, іншыя рэчы першай неабходнасці і гарачыя пасілкі для насельніцтва. Касцёльныя падзямеллі служаць сховішчамі для людзей”, - сказаў ён.

Біскуп Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі заўважыў, што многія жыхары з’ехалі на захад краіны ці за мяжу, таму Адэса цяпер з’яўляецца “напалову пустым горадам”. “Усе, хто застаўся, трымаюцца разам. У горадзе пануе еднасць, таксама на экуменічным узроўні. Вайна нас моцна з’яднала, не толькі католікаў, але таксама людзей іншых веравызнанняў і культур”, - дадаў ён.

Іерарх выказаў падзяку Папскаму фонду за падтрымку і салідарнасць, а таксама звярнуў увагу на важнасць малітвы, асабліва ў якасці суцяшэння для сем’яў, што перажываюць жалобу па прычыне гібелі ахвяр вайны, якіх становіцца ўсё больш і больш. “Мы штодзённа молімся за мір. Важна маліцца за ўсіх, асабліва за тых, хто загінуў падчас гэтай вайны”, - сказаў біскуп Шырокарадзюк.
 

10 сакавіка 2022, 12:44