Вялікая пятніца: дзень ахвяраванняў на патрэбы Святой Зямлі
Ян Глінскі - Vatican News
Як заўважыў кардынал Леанарда Сандры, на працягу апошніх двух гадоў хрысціяне на Блізкім Усходзе святкавалі Вялікдзень і Божае Нараджэнне ў ізаляцыі, без пілігрымаў, а значыць і без працы.
Збор ахвяраванняў для Святой Зямлі быў арганізаваны па жаданні Папы, каб падтрымаць моцную сувязь паміж хрысціянамі ва ўсім свеце. Гэтыя сродкі з’яўляюцца асноўнай крыніцай жыцця вакол святых месцаў і прыладай у дапамозе касцёльным супольнасцям Блізкага Усходу. Збор ахвяраванняў быў задуманы як выраз любові і адданасці месцам, з якіх ідуць карані нашага збаўлення, - адзначыў іерарх.
Дзякуючы шчодрасці католікаў ва ўсім свеце, Францішканская кустодыя Святой Зямлі рэалізуе мноства праектаў у душпастырскай, адукацыйнай, дабрачыннай, медыцынскай і сацыяльнай сферах.
З ахвяраванняў, сабраных у Вялікую пятніцу, у рознай форме карыстаюцца мноства краін: Палестына, Ізраіль, Іарданія, Кіпр, Сірыя, Ліван, Егіпт, Эфіопія, Эрытрэя, Турцыя, Іран і Ірак. Звычайна, Кустодыя Святой Зямлі атрымлівае 65% ахвяраванняў, а рэшта накіроўваецца ў распараджэнне Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў і прызначаецца на падрыхтоўку кандыдатаў да святарства, утрыманне духавенства, на адукацыйныя праекты і іншыя касцёльныя ініцыятывы.
У 2021 годзе на патрэбы Святой Зямлі сабралі амаль 6 мільёнаў 63 тысячы долараў ЗША.