Абрана кіраўніцтва новай Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На першай пяцідзённай пленарнай асамблеі, якая завяршылася 30 красавіка 2022 года ў сталіцы Казахстана Нурсултане, таксама былі абраны віцэ-старшыня – біскуп Ежы Мацулевіч, апостальскі адміністратар Узбекістана, і генеральны сакратар – біскуп Яўген Зінькоўскі, дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі.
Чальцамі гэтага афіцыйна створанага ў верасні 2021 года рэгіянальнага біскупскага аб’яднання з'яўляюцца дыяцэзіяльныя ардынарыі, апостальскія адміністратары і настаяцелі місій sui iuris з Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.
Каталіцкі Касцёл у краінах, якія прадстаўляе новая структура, арганізаваны па-рознаму. У Казахстане, самай вялікай краіне рэгіёна, існуе касцёльная правінцыя (мітраполія), якая складаецца з архідыяцэзіі Маці Божай у Нурсултане, дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы, Карагандзінскай дыяцэзіі, апостальскай адміністратуры ў Атыраў, а таксама апостальскай адміністратуры Казахстана і Сярэдняй Азіі для грэка-католікаў. У 2003 годзе была створана Канферэнцыя Біскупаў Казахстана, кіруе якой з 2015 года біскуп Мумбіела Сьера.
У Кыргызстане і Узбекістане дзейнічаюць апостальскія адміністратуры, а ў Таджыкістане і Туркменістане – місіі sui iuris. Гэтыя касцёльныя адзінкі ўзначальваюць: амерыканскі езуіт Энтані Джэймс Каркаран – у Кыргызстане, аргентынскі святар Пэдра Раміра Лопэс – у Таджыкістане, біскуп Ежы Мацулевіч з Украіны – ва Узбекістане, польскі аблат Анджэй Мадэй – у Туркменістане.