Абвешчаны даты дыяцэзіяльнай часткі СДМ у Партугаліі
Ян Глінскі - Vatican News
Пілігрымы змогуць лепш пазнаёміцца з мясцовым Касцёлам і правесці час з жыхарамі Партугаліі напярэдадні галоўных падзей Сусветных дзён моладзі ў сямнаццаці дыяцэзіях гэтай краіны: Алгарвэ, Ангра, Авэйру, Бежа, Брага, Браганса-Міранда, Каімбра, Эвара, Фуншал, Гуарда, Ламегу, Лейрыя-Фаціма, Парталегрэ-Каштэлу Бранку, Порту, Віяна-ду-Каштэлу, Вільярэаль, Візэў.
Пасля самастойнага выбару дыяцэзіі і папярэдняй рэгістрацыі, пілігрымы будуць запрошаны прыняць удзел у духоўнай і культурнай праграме, падрыхтаванай кожнай дыяцэзіяй. Большасць з маладых вернікаў з розных частак свету прымуць партугальскія сем’і, што таксама з’яўляецца важным і каштоўным элементам гэтага этапу СДМ.
Упершыню Дыяцэзіяльныя дні, якія папярэднічаюць сустрэчы моладзі з усяго свету са Святым Айцом, былі арганізаваны ў 1997, калі СДМ адбываліся ў Парыжы.