Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Цэрквы асуджаюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны

Пасля таго, як свет абляцелі кадры расстраляных мірных жыхароў ва Украіне, кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў заклікалі да наступстваў у дачыненні да вінаватых і выказалі спачуванні сем'ям загінулых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Забойства мірнага насельніцтва, нават на вайне, з'яўляецца сур'ёзным злачынствам, віну за якое трэба загладзіць. Расійская армія, суды і ўрад абавязаны прыняць меры супраць вінаватых, у адваротным выпадку яны самі дзейнічаюць злачынна", - напісаў старшыня епіскапату Германіі ў сваім Twitter.

У біскупа Георга Бэтцынга выклікалі шок паведамленні і фотаздымкі з Бучы, прыгарада Кіева, які ўкраінскае войска вярнула ў нядзелю. Паводле сведчанняў, тут рэгулярна адбываліся расстрэлы мірных жыхароў расійскімі салдатамі. “Малюся за ахвяр і тых, хто смуткуе, а таксама за пакаянне вінаватых”, - запэўніў іерарх.

Прымас Англіканскай Царквы, архіепіскап Джасцін Уэлбі заявіў пасля злачынстваў у Бучы, што “з вайной прыходзіць і страта чалавечнасці”. “Няхай тыя, хто вядзе вайну супраць украінскага народа, вернуць сабе сваю чалавечнасць і спыняць агіднае забойства дзяцей Божых”, - напісаў Архіепіскап Кентэрберыйскі ў Twitter.

Злачынствы таксама асудзілі кіраўнікі Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў Украіны.
 

05 красавіка 2022, 09:50