Цэрквы асуджаюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Забойства мірнага насельніцтва, нават на вайне, з'яўляецца сур'ёзным злачынствам, віну за якое трэба загладзіць. Расійская армія, суды і ўрад абавязаны прыняць меры супраць вінаватых, у адваротным выпадку яны самі дзейнічаюць злачынна", - напісаў старшыня епіскапату Германіі ў сваім Twitter.
У біскупа Георга Бэтцынга выклікалі шок паведамленні і фотаздымкі з Бучы, прыгарада Кіева, які ўкраінскае войска вярнула ў нядзелю. Паводле сведчанняў, тут рэгулярна адбываліся расстрэлы мірных жыхароў расійскімі салдатамі. “Малюся за ахвяр і тых, хто смуткуе, а таксама за пакаянне вінаватых”, - запэўніў іерарх.
Прымас Англіканскай Царквы, архіепіскап Джасцін Уэлбі заявіў пасля злачынстваў у Бучы, што “з вайной прыходзіць і страта чалавечнасці”. “Няхай тыя, хто вядзе вайну супраць украінскага народа, вернуць сабе сваю чалавечнасць і спыняць агіднае забойства дзяцей Божых”, - напісаў Архіепіскап Кентэрберыйскі ў Twitter.
Злачынствы таксама асудзілі кіраўнікі Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў Украіны.