Кардынал Цімаці Долан Кардынал Цімаці Долан  

Арцыбіскуп Нью-Ёрка сустрэнецца з украінскімі бежанцамі

Арцыбіскуп Нью-Ёрка, кардынал Цімаці Долан на гэтым тыдні наведае Польшчу і Славакію, каб сустрэцца з украінскімі бежанцамі, - паведаміла The Catholic Herald.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мэта візіту іерарха – выказаць салідарнасць з ахвярамі канфлікту. Ён паедзе ў цэнтры для бежанцаў, размешчаных уздоўж польскай і славацкай мяжы з Украінай, а таксама ў Кракаве і Варшаве.

Кардынал Долан хоча таксама падзякаваць і падтрымаць ты, хто клапоціцца пра ўцекачоў – духавенства і свецкіх, якія шчодра адгукнуліся на патрэбы тых, хто вымушаны пакінуць свае дамы. Яго візіт стане магчымасцю звярнуць увагу на шматлікія ініцыятывы Каталіцкага Касцёла, накіраваныя на гарантаванне бежанцам, незалежна ад іх веравызнання, жылля, адзення, ежы, медыцынскіх паслуг, кансультавання і бяспекі.

На сённяшні дзень Каталіцкая асацыяцыя дапамогі Блізкаму Усходу (Catholic Near East Welfare Association), старшынёй якой з’яўляецца амерыканскі іерарх, ахвяравала амаль 2 мільёны долараў ЗША ў якасці экстраннай дапамогі ўцекачам ва Украіне, Грузіі, Венгрыі, Малдове, Польшчы, Румыніі і Славакіі.

Кардынал Долан таксама мае намер выказаць сваю падтрымку кіраўніцтву мясцовых Касцёлаў грэка-каталіцкай і лацінскай традыцыі.
 

28 красавіка 2022, 10:44