Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Долан: з падзеннем камунізму зло не перастала існаваць

“Пасля падзення камунізму нам здавалася, што ўжо мы будзем жыць спакойна”, - сказаў кардынал Цімаці Долан, каментуючы вайну ва Украіне.

Ян Глінскі – Vatican News

“І раптам мы бачым, што былыя кашмары ажылі, зноў з’явіліся старыя тыраніі”, - дадаў арцыбіскуп Нью-Йорка, на думку якога, у гэтай сітуацыі вялікае значэнне мае голас Папы, бо менавіта ён указвае на больш глыбокую падаплёку бягучых падзей.

“Францішак дапамагае свету зразумець, што гэта пытанне маралі, бо гаворка ідзе аб прыгнёце безабаронных людзей, злоўжыванні ўладай, аб несправакаваным і незаконным прымяненні насілля і ваеннай сілы”, – падкрэсліў іерарх, адзначыўшы пры гэтым, што баіцца эскалацыі вайны.

У размове з Vatican News кардынал Долан згадаў перасцярогу амерыканскага палітыка Генры Кісэнджэра аб тым, што камунізм не выкараніў у Расіі імперыялістычныя памкненні. “Цалкам наадварот, камунізм іх яшчэ больш ажывіў”, - сцвердзіў мітрапаліт, дадаўшы, што суседнія краіны заўсёды былі мэтай Расіі.

“Хто ведае гісторыю, той ведае, што жаданне здабываць новыя тэрыторыі там сапраўды вельмі моцнае. Чаму так, чаму Расія, найвялікшая краіна ў свеце, усцяж хоча пашыраць сваю тэрыторыю, я гэтага не разумею, – працягваў іерарх. – Прыгадваю сабе палёгку, якая настала ў 1989 г. пасля падзення Берлінскай сцяны, пасля падзення Савецкага Саюзу, дзякуй Богу. Мы глыбока выдыхнулі і сказалі сабе: можа, настане эра міру. На працягу некаторага часу нам здавалася, што менавіта так і будзе”.

“Мы наіўна думалі, што ў свеце няма сапраўднага зла, - дадаў кардынал Долан. – Існуе сіла зла, існуе сапраўднае, аб’ектыўнае зло. Штосьці проста не так; гэта разумеюць усе, акрамя Пуціна і яго генералаў. Ёсць аб’ектыўнае зло. Мы павінны быць асцярожнымі. Гэта не азначае, што мы, у Злучаных Штатах, нявінныя. Калі паглядзець на нашую гісторыю, то бачым, што мы рабілі памылкі. Усе мы павінны вучыцца на ўласнай гісторыі”.

Мітрапаліт Нью-Йорка нагадаў заклік папы Францішка аб вяртанні да Божага закону: “Калі мы не вернемся да біблейскіх каштоўнасцяў, то зло будзе пераследаваць нас вечна”.

Кардынал Долан назваў украінцаў вытрывалым, рашучым і поўным надзеі народам. Таму ў бліжэйшы час амерыканскі іерарх будзе старацца дабрацца да Украіны. Наведае таксама Польшчу, якая, як прызнаў, адзначылася вялікім гераізмам, прымаючы мільёны бежанцаў.

Арцыбіскуп Нью-Йорка заўважыў, што амерыканцы ў гэтыя дні адкрываюць для сябе ўкраінцаў, і перакананыя, што гэта народ веруючы, што ўкраінцы маюць свой гонар і жывую культуру, якую Расія не здолее выкараніць і разрабаваць, нават калі кажа: вы такія ж, як і мы, мы вас паглынаем.
 

29 красавіка 2022, 08:25