Кардынал Краеўскі на Вялікдзень маліўся з католікамі Кіева
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Апостальскі элемазінарый разам з пастырам Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі, біскупам Віталём Крывіцкім, канцэлебраваў літургію, якую нядзельнай раніцай 17 красавіка 2022 года ўзначаліў Апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.
На заканчэнне цэлебрацыі кардынал Краеўскі падкрэсліў, што ўваскрасенне Езуса – гэта заўсёды знак міра. “Пан павінен быў уваскрэснуць. У адваротны выпадку нам давялося б застацца ў Вялікай пятніцы, спыніцца толькі на пакутах і граху: па-чалавечы з гэтай сітуацыі не было ніякага выйсця”, - дадаў ён.
“Дзякуй Богу, ёсць Уваскрасенне, калі Хрыстус праганяе ўсялякае зло, і мы спадзяёмся, што Ён благаславіць нас”, - сказаў папскі элемазінарый, нагадваючы пра пасхальнае пасланне Францішка перад благаслаўленнем Urbi et Orbi, у якім прагучаў чарговы заклік да вернікаў усяго свету маліцца за Украіну.
“Я прыношу вам благаслаўленне Святога Айца. Няхай запануе мір, бо Пан цалкам перамог зло: Ён уваскрос, і мы таксама ўваскрэснем. Хрыстус уваскрос!”, - сказаў пасланнік Пантыфіка.
Кардынал Конрад Краеўскі на працягу Вялікага тыдня знаходзіўся ва Украіне з гуманітарнай і душпастырскай місіяй. Папа даручыў яму правесці велікодныя святы разам з украінскімі вернікамі. Іерарх прыехаў з Рыма за рулём аўтамабіля хуткай дапамогі, які перадаў кардыялагічнай бальніцы ў Кіеве. У Вялікі чацвер элемазінарый маліўся разам з каталіцкай супольнасцю Львова, а ў Вялікую пятніцу ён разам з нунцыем здзейсніў набажэнства Крыжовага шляху на вуліцах Барадзянкі, дзе памаліўся перад брацкай магілай, у якой былі пахаваны каля 80 чалавек.