Айцец Франчэска Патон у Храме Нараджэння ў Бэтлееме Айцец Франчэска Патон у Храме Нараджэння ў Бэтлееме 

На Вялікдзень Святая Зямля адкрываецца для пілігрымаў

Упершыню за два гады святкаванне Вялікага тыдня і Вялікадня ў Святой Зямлі будзе праходзіць у звычайным парадку, а ўсе месцы, звязаныя з мукай і ўваскрасеннем Езуса, будуць даступныя для пілігрымаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адзіныя санітарныя абмежаванні, якія засталіся, – гэта неабходнасць выкарыстання масак і сродкаў дэзінфікцыі для ўваходу ў храмы.

Два гады пандэмічных абмежаванняў, а значыць, адсутнасць вернікаў і адсутнасць працы, рэзка паўплывалі на становішча хрысціян, якія жывуць у Ізраілі. “Мы спадзяемся, што ў святочныя дні вуліцы Іерусаліма, Бэтлеема і Назарэта зноў будуць запоўненыя”, - падзяліўся айцец Франчэска Патон, кусташ Святой Зямлі.

Як ён прызнаўся, францішкане разлічваюць на ахвяраванні, якія збіраюцца ў Вялікую пятніцу. Яны дазваляюць утрымліваць святыя месцы і мясцовыя парафіі, весці асветніцкую і дабрачынную дзейнасць. Частка з іх накіроўваецца ў распараджэнне Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў і прызначаецца на падрыхтоўку духавенства і функцыянаванне Касцёла на ўсім Блізкім Усходзе.

“Для нас ахвяраванні вернікаў у Вялікую пятніцу маюць вырашальнае значэнне. У апошнія гады збіралася толькі палова ад сумы, што паставіла нас у вельмі цяжкае становішча, бо не хапала грошай на ўтрыманне санктуарыяў і парафій. Аднак недахоп даходаў не прымусіў нас адмовіцца ад сваёй місіі. У апошнія два гады мы праводзілі нармальную душпастырскую, дабрачынную і асветніцкую дзейнасць для больш чым 10 тысяч вучняў”, - адзначыў айцец Патон.

Францішканін прызнаўся, што сродкі ідуць і на дапамогу бежанцам. “Зараз у Еўропе ў цэнтры ўвагі ўцекачы з Украіны, але не будзем забывацца, што ўжо шмат гадоў ідзе вайна ў Сірыі, і адтуль прыбывае шмат людзей. Таксама на Кіпры з насельніцтвам усяго 800 тысяч знаходзіцца велізарная колькасць мігрантаў і бежанцаў, якія таксама маюць патрэбу ў падтрымцы. Таму збор ахвяраванняў у Вялікую пятніцу для нас з’яўляецца чымсьці неабходным, ён дазваляе працягваць нашу місію і несці дапамогу тым, каму яна па-сапраўднаму неабходна”, - заявіў кусташ Святой Зямлі.
 

15 красавіка 2022, 10:32