Кардынал Карлас Аміга Вальеха Кардынал Карлас Аміга Вальеха 

Памёр іспанскі кардынал Карлас Аміга Вальеха. Спачуванні Папы

27 красавіка 2022 года на 87-м годзе жыцця памёр іспанскі кардынал Карлас Аміга Вальеха, арцыбіскуп-эмерыт Севільскі. Святы Айцец выказаў свае спачуванні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Здароўе іерарха паступова пагаршалася пасля падзення 22 лютага 2022 года на Імшы, прымеркаванай да 25-годдзя біскупскага пасвячэння арцыбіскупа Мадрыдскага, кардынала Карласа Асоры. Аміга памёр ва ўніверсітэцкай бальніцы Гвадалахары, дзе знаходзіўся больш за два месяцы.

Пантыфік выказаў спачуванні духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам Севільскай архідыяцэзіі, пастырам якой нябожчык быў з 1982 года, яго сабратам з Ордэна Братоў Меншых, сваякам, а таксама Танжэрскай дыяцэзіі ў Алжыры, якой ён кіраваў з 1973 па 1982 гады. Памятаючы пра гэтага самаахвярнага прэлата, які на працягу многіх гадоў верна служыў Богу і Касцёлу, Францішак, праз заступніцтва Маці Божай Мансэрацкай, моліцца аб вечным супакоі для яго.

Як біскуп і кардынал Аміга браў удзел у важных мерапрыемствах Паўсюднага Касцёла і выконваў шматлікія функцыі ў епіскапаце сваёй краіны. Між іншым, добра вывучыўшы тэму Паўночнай Афрыкі, ён часта выступаў пасрэднікам у розных канфліктных сітуацыях паміж іспанскім урадам і краінамі гэтага рэгіёну: Алжырам, Лівіяй, Марока, Маўрытаніяй і Тунісам.

У лютым 1976 года іерарха ўключылі ў склад ватыканскай дэлегацыі на гістарычнай першай сустрэчы каталіцка-ісламскага дыялогу ў Трыпалі. Удзельнічаў у шматлікіх пасяджэннях Сінода Біскупаў і быў папскім пасланнікам на розных юбілейных мерапрыемствах мясцовых Касцёлаў, такіх як святкаванне 500-годдзя стварэння першай дыяцэзіі ў Амерыцы. У чэрвені 1993 года стаў суарганізатарам 45-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў Севільі, на завяршэнне якога прыехаў Ян Павел ІІ.

У 2005 і 2013 гадах кардынал Аміга ўдзельнічаў у канклавах, на якіх былі абраны Бэнэдыкт XVI і Францішак.

У цяперашні час Калегія кардыналаў налічвае 209 іерархаў, з якіх 117 – малодшыя за 80 гадоў, што дае ім права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.
 

28 красавіка 2022, 12:25