Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскуп Гродзенскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў трох парафіях дыяцэзіі. У Суботніках 23 красавіка 2022 года біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў гонар святога Юрыя і ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе моладзі і дарослых вернікаў. Назаўтра, у нядзелю Божай Міласэрнасці, іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, а 28 красавіка – у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Тут сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі звыш 60 вернікаў, пераважна – моладзь.

Будслаўскі касцёл часова зачыняецца для працягу прац па аднаўленні будынку пасля пажару. З 10 мая па 3 чэрвеня 2022 года ў святыні будуць праводзіць рэстаўрацыю купала. У парафіі падкрэсліваюць, што ў гэты час трапіць унутр касцёла будзе немагчыма, таму заахвочваюць да наведвання Нацыянальнага санктуарыя да пачатку работ. Плануецца, што яны будуць завершаны да правядзення фэста ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

Фінал дзіцячага конкурсу на веданне Святога Пісання прайшоў у Віцебску. 23 красавіка 2022 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага мерапрыемства арганізавала дыяцэзіяльнае таварыства Caritas. Па выніках конкурсу вызначылі пераможцаў у малодшай і старэйшай катэгорыях. На сустрэчы сабраліся дзеці, сёстры законныя і святары з 19-ці парафій Віцебскай дыяцэзіі і 6-ці парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Конкурсу спадарожнічалі супольная малітва, пачастунак, забавы, падарункі.

У Барысаве прайшла сустрэча маладых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 26 красавіка 2022 года яна стала першым падобным мерапрыемствам пасля двухгадовага “каранавіруснага” перапынку. Да прысутных на сустрэчы далучыўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх маладых святароў.

У Іўі адбылася прэзентацыя кнігі Касцёлы Беларусі. Яе аўтар Станіслаў Янчарскі наведаў многія куткі краіны, каб сабраць інфармацыю аб кожнай каталіцкай святыні. 24 красавіка 2022 года ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла аўтар распавёў, як стваралася кніга. Серыя складаецца з пяці тамоў. Два тамы апісваюць касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі, па адным томе – касцёлы Віцебскай, Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У кнізе сабраны здымкі святыняў унутры, звонку і з дрона, а таксама гістарычныя звесткі аб кожнай з іх.

Стартавала новая праграма Caritas па падтрымцы жыхароў сельскай мясцовасці. 28 красавіка 2022 года валанцёры перадалі куранят-бройлераў трыццаці асобам у Бялынічах, Шклове,Чавусах, Крупках, Барысаве і Смалявічах. Звераполіс – гэты дабрачынны праект ужо не першы год рэалізуе таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ён скіраваны на падтрымку шматдзетных, прыёмных і няпоўных сем’яў, людзей з інваліднасцю, пенсіянераў. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Caritas дыяцэзіі Лінца ў Аўстрыі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 красавіка 2022, 07:28