Біскуп Крысціян Карласарэ Біскуп Крысціян Карласарэ 

Візіт Францішка ў Паўднёвы Судан – знак міру для свету

Пілігрымка Францішка ў Паўднёвы Судан, запланаваная на пачатак ліпеня, стане яшчэ адным знакам міру для свету, - лічыць пастыр Румбэкскай дыяцэзіі Крысціян Карласарэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што візіт Святога Айца мог бы стаць станоўчым штуршком для ўсходнеафрыканскай краіны, якая загразла ў племянных міжусобіцах, палітычных змаганнях і крайняй галечы.

Карласарэ, які быў паранены ў выніку нападу ў 2021 годзе, прызнаў, што працэс пабудовы міру патрабуе часу і прыхільнасці кожнага, але папская пілігрымка можа стаць свайго роду новым пачаткам. “Калі мяне паранілі, я прабачыў сваім нападнікам, таму што адчуваў, што атрымаў сваё жыццё нанова, і я не магу ўявіць новы пачатак без прабачэння”, - прызнаўся іерарх.

“Візіт Францішка стане часткай ініцыятывы, якую ён пачаў рэалізоўваць шмат гадоў таму, каб вярнуць мір у Паўднёвы Судан. Я рады, што гэтым візітам увага будзе звернута на пакуты простых людзей, якія вельмі любяць Папу ў нашай краіне і спадзяюцца на багаты плён сустрэчы з ім. Мы спадзяемся, што падарожжа стане вялікім мірным імпульсам для ўсіх груп, асабліва для найбольш маргіналізаваных і расчараваных. Яно стане для мясцовага Касцёла вялікім стымулам заставацца пасрэднікам згоды і міру. Адна з нашых задач, фарміраванне сумлення людзей да прабачэння. Спадзяюся, што сустрэча з Пантыфікам стане для ўсёй краіны тым, чым яна была для мяне: вялікай радасцю і крыніцай міру. Францішак сказаў мне некалькі простых, але значных слоў пра тое, што Бог заўсёды застаецца са мной і падтрымлівае мяне”, - сказаў біскуп Крысціян Карласарэ ў каментарыі для Vatican News.

Францішак плануе адправіцца з трохдзённай пілігрымкай у Паўднёвы Судан 5 ліпеня 2022 года.
 

07 красавіка 2022, 10:39