Новапрызначаны кардынал: Папа належна ацаніў Міжземнамор'е
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Жан-Марк Авэлін родам з Алжыра, які ў яго дзяцінстве належаў да Францыі. У 1984 годзе ён стаў святаром у шматканфесійнай і шматкультурнай Марсэльскай архідыяцэзіі, якую пазней узначаліў. На яго думку, рашэнне Папы – гэта ўшанаванне горада і місіі Касцёла, якая ажыццяўляецца ў такіх умовах.
Варта адзначыць, што арцыбіскуп Авэлін будзе адзіным французскім кардыналам, які выконвае ў краіне абавязкі дыяцэзіяльнага біскупа. Ні прымас Галіі, ні арцыбіскуп Парыжа не належаць да Калегіі кардыналаў. Менавіта таму іерарх усведамляе, што ў яго абавязкі будзе таксама ўваходзіць клопат аб адзінстве Касцёла ў Францыі.
“Папа, вядома, выбірае канкрэтную асобу, але гаворка ідзе не толькі пра асобу, але і пра месца. Так гэта разумеюць жыхары Марсэля з розных слаёў і рэлігій, якія дасылаюць мне віншаванні, а таксама людзі з іншых частак Міжземнамор'я. Папа адпаведным чынам ацаніў гэту адмысловую місію Касцёла. Успрымаю гэта як выклік, не забываючыся пра Касцёл у Францыі, які таксама сутыкаецца з многімі праблемамі”, - пракаментаваў сваё кардынальскае прызначэнне Авэлін.
Ён прызнаўся, што на гэтым этапе яго хвалюе адзінства. Яно патрэбна не толькі для ўмацавання Касцёла, але і для “служэння адзінству чалавечай сям’і, справе міру і братэрства”.