Laudato si’: сёмая гадавіна энцыклікі Францішка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Энцыкліка дала пачатак шматлікім канкрэтным экалагічным і сацыяльным праектам ва ўсім свеце, рэалізацыі якіх дапамагае ватыканская Платформа ініцыятыў Laudato si’, а таксама Тыдзень Laudato si’, які штогадова праводзіцца пад патранатам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Акрамя таго, менавіта з нагоды абнародавання энцыклікі папа Францішак устанавіў у Касцёле Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які 1 верасня адзначаецца разам з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі.
У дакуменце фундаментальнай тэмай з’яўляецца ўзаемасувязь паміж крызісам навакольнага асяроддзя і сацыяльным крызісам чалавека, або, іншымі словамі, тэма “інтэгральнай экалогіі”. Францішак удакладніў, што гаворка ідзе не пра “зялёную” энцыкліку, але пра сацыяльную.
Заклікаючы адказаць на пытанне пра тое, “які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія зараз падрастаюць”, Пантыфік нагадвае пра адказнасць за стварэнне перад Богам і будучымі пакаленнямі, падкрэсліваючы, што наша планета, “зневажаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце”.
Папа адзначыў тэрміновую патрэбу ва ўсеагульным “экалагічным навяртанні” і супрацоўніцтве на карысць клопату пра бедных і наш супольным дом. Тэкст энцыклікі прасякаюць некаторыя тэматычныя стрыжні, якія разглядаюцца з розных перспектыў: “блізкія адносіны з беднымі і ўразлівасць планеты; перакананасць у тым, што ўвесь свет цесна звязаны; крытыка сучасных мадэляў і форм улады, якія паходзяць з тэхнакратыі; заклік да пошуку новых спосабаў разумення эканомікі і прагрэсу; каштоўнасць кожнага стварэння; чалавечы сэнс экалогіі; неабходнасць шчырых і сумленных дэбатаў; вялікая адказнасць міжнароднай і мясцовай палітыкі; культура выкідання на перыферыю і прапанова новага стылю жыцця”.
Энцыкліка атрымала шырокі водгук у навуковай супольнасці, сярод сусветных палітычных і грамадскіх лідараў, актывістаў экалагічных рухаў. Брытанскае выданне The Guardian назвала яе “самым ўражваючым і магчыма найбольш амбіцыйным папскім дакументам апошніх 100 гадоў”, падкрэсліваючы, што энцыкліка адрасавана не толькі католікам і не толькі хрысціянам, але ўсяму чалавецтву.