Кожная дыяцэзія павінна мець структуры па справах злоўжыванняў
Ян Глінскі - Vatican News
“Стварэнне адпаведнай структуры для гэтых спраў у кожнай дыяцэзіі з’яўляецца абавязкам, які не абмяркоўваецца і павінен быць споўнены. Гэта не залежыць ад асабістага жадання асобных біскупаў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Чарльз Шыклуна.
На сёння няма інфармацыі аб дакладнай колькасці інстанцый, у якія можна паведаміць пра сексуальнае выкарыстанне непаўналетніх духоўнымі асобамі, аднак вядома, што гэтае папскае патрабаванне ўжо ажыццявілі ў многіх дыяцэзіях свету.
Як падкрэсліў Шыклуна, на паскарэнне рэалізацыі згаданага папскага закліку павінны паўплываць Апостальскія нунцыятуры. У гэтай справе яны павінны выступаць у якасці пасрэдніка таксама і таму, што motu proprio Vos estis lux mundi не было перакладзена на некаторыя мовы.
У motu proprio Францішак наказвае ўсім Касцёлам паведамляць аб выпадках злоўжыванняў і рэгуляваць расследаванне спраў біскупаў, якія бяздзейнічаюць, сутыкаючыся з такога роду сітуацыямі.
Арцыбіскуп Чарльз Шыклуна з 2018 года з’яўляецца дапаможным сакратаром Кангрэгацыі Веравучэння. На гэтай пасадзе іерарх адказвае за высвятленне выпадкаў сексуальнага выкарыстання непаўналетніх у Касцёле.