Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Конга перад візітам Папы: спыніце вайну

У пачатку ліпеня папа Францішак наведае Дэмакратычную Рэспубліку Конга. У сувязі з гэтым мясцовыя біскупы заклікаюць да спынення ваенных дзеянняў у правінцыі Паўночнага Ківу.

Ян Глінскі - Vatican News

У сваім звароце члены Нацыянальнай Біскупскай Канферэнцыі Конга (CENCO) выказалі непакой у сувязі з пагаршэннем умоў бяспекі ў Паўночным Ківу, што на ўсходзе краіны. Прычынай гэтаму – эскалацыя барацьбы паміж кангалезскімі войскамі і паўстанцамі групоўкі М23, якая ў 2021 годзе аднавіла ваенныя дзеянні пасля таго, як у 2013 годзе скала зброю.

У звароце біскупаў Конга падкрэсліваецца, што нестабільная сітуацыя ў Паўночным Ківу падагравае напружанасць ва ўсім рэгіёне Вялікіх азёраў, жыхары якога імкнуцца да трывалага міру праз супрацоўніцтва.

“Тым больш, што народ Конга мабілізуецца, каб прыняць у ліпені Святога Айца папу Францішка, які прыязджае як будаўнік міру і апостал прымірэння. Несправядлівай і нягоднай з’яўляецца спроба адабраць у народа гэтую хвіліну шчасця, якая будзе крыніцай благаслаўлення для ўсёй Дэмакратычнай Рэспублікі Конга”, - напісалі біскупы.

Плануецца, што 2-5 ліпеня папа Францішак наведае сталіцу ДРК Каншасу і Гома, адміністрацыйны цэнтр Паўночнага Ківу. Наступным этапам папскага падарожжа стане візіт у горад Джуба, сталіцу Паўднёвага Судана, 5-7 ліпеня.
 

03 чэрвеня 2022, 10:05