Кардынал з Ватыкана з сінадальным візітам у Ліване
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У прысутнасці Апостальскага нунцыя ў Ліване і біскупаў-маранітаў, якія прыбылі з дыяспары на свой штогадовы Сінод, госць з Ватыкана нагадаў пра шматвяковую сінадальную традыцыю Цэркваў Усходу: яны заўсёды выбіралі сінадальнасць у якасці прыярытэтнай структуры супольнасці.
Як адзначыў кардынал Грэк, сінадальная традыцыя агульная для ўсіх патрыяршых Цэркваў на Усходзе, як каталіцкіх, так і праваслаўных. “Гэты тысячагадовы досвед можа стаць натхненнем у некаторых аспектах, якія могуць быць выкарыстаны ў сінадальнасці Касцёла, раскіданага па ўсім свеце. Ён таксама можа паспрыяць збліжэнню паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі ў плане зносін і эвалюцыі касцёльных структур”, - лічыць іерарх.
Генеральны сакратар Сінода Біскупаў спаслаўся на выклікі, якія існуюць у кантэксце міжрэлігійнага дыялогу. “Хрысціяне падзяляюць жыццё з юдэямі больш за дзве тысячы гадоў, а з мусульманамі – больш за 14 стагоддзяў. Гэты дыялог жыцця, з усімі добрымі перажываннямі і момантамі, і нягледзячы на ўсе няўдалыя перажыванні, пазначаныя пераследам і пакутамі, з’яўляецца школай, у якой кожны дзень трэба рабіць новыя высновы”, - перакананы іерарх.