Цырымонія прысягі фра Джона Данлапа Цырымонія прысягі фра Джона Данлапа 

Мальтыйскі ордэн: Папа прызначыў месцаахоўніка Вялікага магістра

14 чэрвеня 2022 года фра Джон Данлап склаў урачыстую прысягу ў якасці новага месцаахоўніка Вялікага магістра Суверэннага рыцарскага Мальтыйскага ордэна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

65-гадовага канадскага юрыста-міжнародніка і члена Суверэннай рады Ордэна прызначыў месцаахоўнікам Святы Айцец. Цырымонія прысягі прайшла адразу пасля пахавання яго папярэдніка на пасадзе, фра Марка Луцагі, які адышоў у вечнасць 7 чэрвеня. Яна адбылася ў прысутнасці кіраўніцтва Ордэна і Папскага дэлегата пры ім, кардынала Сільвана Марыі Тамазі.

У лісце пра прызначэнне фра Джона Данлапа месцаахоўнікам Вялікага магістра Францішак патлумачыў, што раптоўная смерць фра марка Луцагі за некалькі месяцаў да правядзення Надзвычайнага генеральнага капітула прывяла да чарговага этапу нестабільнасці ў жыцці Ордэну, таму ён вырашыў зрабіць гэта прызначэнне, каб не перапыняўся працэс рэформ, з мужнасцю распачаты.

Члены Мальтыйскага ордэна, як адзначаецца на яго афіцыйным сайце, выказалі падзяку Папу за бацькоўскі клопат, бо яго рашэнне дае магчымасць вярнуцца да звычайнага адміністравання пад кіраўніцтвам месцаахоўніка Вялікага магістра, які разам са спецыяльным дэлегатам Папы і Суверэннай радай будзе праводзіць канстытуцыйную рэформу Мальтыйскага ордэна.

Фра Джон Данлап нарадзіўся ў 1957 годзе ў Атаве. Ён вядомы спецыяліст у міжнародным праве. З 1997 года з’яўляецца юрыдычным дарадчыкам Місіі Пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры ААН. У Мальтыйскім ордэне – з 1996 года. У 2008 годзе стаў першым амерыканцам, які склаў урачыстыя вечныя абяцанні. У 2009 годзе быў абраны членам Суверэннай рады на пяцігадовы тэрмін, затым двойчы пераабіраўся ў яе склад у 2014 і 2019 гадах.
 

15 чэрвеня 2022, 11:36