Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа сустрэнецца з сем'ямі ў Рыме падчас Юбілею 2025 года

Чарговай нагодай для сустрэчы Папы з сем’ямі з усяго свету стане Юбілей 2025 года, - паведаміў кардынал Джозэф Фарэл. 11-я Сусветная сустрэча сем'яў адбудзецца ў 2028 годзе – месца яе правядзення пакуль не выбрана.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікаў маліцца, каб гэтыя сустрэчы сталі “вялікімі падзеямі ласкі, якія крануць сэрцы тысяч сем'яў”.

Падчас заключнай Імшы 10-й Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая прайшла 25 чэрвеня 2022 года на плошчы святога Пятра, іерарх спаслаўся на Год сям’і Amoris Laetitia, які папярэднічаў форуму, і выказаў упэўненасць у тым, што гэты час “даў новы імпульс душпастырству сем’яў у дыяцэзіях па ўсім свеце”: у апошнія некалькі месяцаў і душпастыры, і сем’і вучыліся працаваць разам, “каб стаць больш эфектыўнымі ў заданні суправаджэння дзяцей, моладзі, сужэнцаў і цэлых сем’яў у маральных і духоўных выкліках сучаснага грамадства”.

Кардынал Фарэл падзякаваў Францішку за серыю катэхез, прысвечаных сям’і, шматлікія выказванні ў абарону чалавечага жыцця, а таксама за ўстанаўленне Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

“Яшчэ шмат трэба зрабіць, але пасля гэтай сустрэчы з вамі, Святы Ойча, у нашых сэрцах нараджаюцца давер і абноўлены энтузіязм. Сям'і, са сваім унікальным пакліканнем да святасці, па-сапраўднаму з'яўляюцца найпрыгажэйшым абліччам Касцёла і могуць зрабіць унікальны ўнёсак у евангелізацыю свету праз сваю здольнасць сведчыць пра любоў, адвагу ў цяжкасцях і настойлівасць у даверлівай адданасці Богу”, - адзначыў галоўны арганізатар 10-й Сусветнай сустрэчы сем’яў.
 

27 чэрвеня 2022, 11:29