Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Эўхарыстычная працэсія адбылася на цэнтральных вуліцах Мінска пасля двухгадовага перапынку. 29 мая 2022 года сотні вернікаў прайшлі ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы па праспекце Незалежнасці да касцёла святых Сымона і Алены. Працэсію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Антэ Ёзічам, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім, Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам. 5 чэрвеня Эўхарыстычная працэсія пройдзе вуліцамі Пінска.
Каля 200 дзяцей прынялі першы раз святую Камунію ў гродзенскай парафіі Духа Святога. 28 мая 2022 года іх прыйшлося раздзяліць на тры групы. Па колькасці дзяцей, якія ўпершыню прыступілі да святой Камуніі, гэта рэкорд сярод каталіцкіх парафій ва ўсёй Беларусі. Да гэтай падзеі дзяцей два гады рыхтавала сястра Бэрнадэта з кангрэгацыі сясцёр святой Ядвігі. На кожнай Імшы пробашч парафіі ксёндз Павел Салабуда звяртаўся да бацькоў, заклікаючы іх рабіць усё для духоўнага выхавання сваіх дзяцей.
На Астравеччыне ўшанавалі памяць ксяндза Канстанціна Стаповіча – святара і паэта, вядомага як Казімір Сваяк. 28 мая 2022 года ў Клюшчанах адбылася Імша і паэтычная імпрэза з гэтай нагоды. У казанні айцец Аркадзь Куляха, кармэліт босы з Гудагая, прызнаўся, што для яго, паляка, знаёмства з творчасцю Казіміра Сваяка стала першым крокам у беларушчыне. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі імпрэзы чыталі вершы паэта, які адышоў у вечнасць амаль 100 гадоў таму і ўжо ў той час марыў аб цэлебрацыі Імшы па-беларуску.
Духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску пачынаюць прыём кандыдатаў на 2022-2023 навучальны год. Дакументы можна падаваць у рэктаратах навучальных устаноў, а таксама ў курыях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Уступны экзамен адбудзецца пры Сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Першы тур прызначаны на 21 ліпеня, другі тур – на 11 жніўня 2022 года. На экзамене кандыдат павінен паказаць свае веды па асноўных тэмах са Святога Пісання, катэхізіса, гісторыі паўсюднага Касцёла, Касцёла ў Беларусі, дыяцэзіі, актуальнага жыцця Каталіцкага Касцёла.
Абвешчана аб правядзенні маштабнага арганнага фестывалю ў касцёлах Беларусі – ён будзе складацца з 54 канцэртаў. Фестываль акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi пройдзе з 18 чэрвеня па 18 верасня 2022 года ў 11 касцёлах і таксама ў Віцебскай філармоніі. Галоўныя канцэрты фестывалю адбудуцца ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут арганізатарамі ўжо другі раз выступаюць Курыя Пінскай дыяцэзіі і гарвыканкам, а большая частка фінансавання – сродкі, завешчаныя мецэнатам Юрыем Зісерам.
Пачалася рэгістрацыя на хрысціянскі фестываль Novafest, які пройдзе 30 ліпеня 2022 года ва Уселюбе. Лейтматывам сустрэчы сёлета з’яўляецца тэкст з Евангелля паводле Лукі "Вы ж сведкі гэтага". Арганізатары запрашаюць удзельнікаў паразважаць над пытаннямі, як і навошта сведчыць пра Бога. Падчас фестывалю будзе магчымасць паслухаць сведчанні людзей, якія перажылі асаблівую прысутнасць Езуса Хрыста ў сваім жыцці. У праграме таксама - канферэнцыі, набажэнствы, Імша.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.