Ксёндз Ханс Цольнэр Ксёндз Ханс Цольнэр  

Эксперт: супрацьстаяць злоўжыванням павінны таксама вернікі

Вядучы спецыяліст у барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, нямецкі езуіт Ханс Цольнэр заклікаў свецкіх вернікаў браць справу ў свае рукі, калі касцёльныя ўлады бяздзейнічаюць.

Ян Глінскі - Vatican News

Па словах святара, апостальскі ліст Францішка Vos estis lux mundi, якім увялі больш жорсткія прававыя нормы ў сферы абароны непаўналетніх, стаў “вялікім імпульсам для Касцёла ва ўсім свеце”.

Нягледзячы на гэта, даходзіць да парадаксальных сітуацый, калі, з аднаго боку, “касцёльным кіраўнікам даволі цяжка прызнацца, што ў мінулым былі злачынствы і занядбанні”, а з іншага боку, “лакальныя Касцёлы і іншыя ўстановы – школы, парафіі, дзіцячыя сады, бальніцы... – з вялікай энергіяй і адданасцю працуюць для абароны малалетніх і безабаронных”

Член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх пахваліў адвагу каталіцкіх біскупаў Францыі, якія “паглядзелі рэчаіснасці ў вочы”. На думку ксяндза Цольнэра, гэта стала магчымым дзякуючы падыходу да праблемы “без лішняй заклапочанасці стратай іміджу”. Французскі епіскапат падрыхтаваў для незалежнай камісіі справаздачу аб маштабах злоўжыванняў. На дадзеным этапе яны рэалізуюць рэкамендацыі справаздачы, сярод якіх кампенсацыя пацярпелым.

Выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта ўказаў на неабходнасць і важнасць прызнання таго, што мноства прадстаўнікоў Касцёла “нанесла вельмі сур’ёзныя раны дзецям і дарослым”. Гэта павінна зрабіць уся супольнасць вернікаў. Бо гаворка ідзе пра задачу не толькі іерархаў, але “кожнага верніка”.

“Гэта значыць, што там, дзе касцёльныя ўлады не зрабілі таго, што павінны зрабіць, сама супольнасць робіць тое, што з’яўляецца абавязковым, беручы на сябе сваю частку адказнасці. Патрэбны эксперты, але Пан заклікае ўсіх хрысціян да ўдзелу, каб усе людзі адчувалі сябе ў бяспецы і паважаліся”, – сцвердзіў ксёндз Цольнэр у інтэрв’ю іспанскаму каталіцкаму выданню Alfa y Omega.
 

25 чэрвеня 2022, 11:00