Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны да CELAM: прасоўваць інтэгральнае развіццё

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прыняў удзел у пазачарговым пасяджэнні Біскупскай Рады Лацінскай Амерыкі (CELAM), якое прайшло 11-14 ліпеня 2022 года ў Багаце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сінадальнасць – гэта сапраўдны шлях прасоўвання чалавечай годнасці, дадзенай Богам усім людзям, - падкрэсліў кардынал Майкл Чэрны ў звароце да каля 40 іерархаў, якія сабраліся ў сталіцы Калумбіі. Іх сустрэча была прысвечана ацэнцы трохгадовага працэсу абнаўлення, распачатага CELAM у мясцовых Касцёлах. У форуме бралі ўдзел старшыні, сакратары і дэлегаты 22-х епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну, кіраўнікі душпастырскіх цэнтраў і каталіцкіх дабрачынных арганізацый.

“Тое чаго жадаем для сябе, мы, лагічна, павінна прасоўваць для іншых”, менавіта таму “ўвесь Божы народ, біскупы свету, а таксама Святы Айцец і Рымская курыя спрыяюць інтэгральнаму чалавечаму развіццю, асабліва самых бедных”, - падкрэсліў прадстаўнік Пантыфіка, адзначаючы важнасць дапамогі мігрантам.

Прэфект зазначыў, што згодна з Другім Ватыканскім Саборам, Касцёл павінен засяродзіцца на мэце інтэгральнага чалавечага развіцця, скіроўваючыся да канкрэтных рэалій, якія перашкаджаюць яго дасягненню ў нашым свеце. “Радасці і надзеі, смутак і трывогі людзей гэтага веку, асабліва тых, хто бедны ці якім-небудзь чынам пакутуе” – гэта таксама “надзеі і смутак Касцёла, які хоча дзяліцца Добрай навіной пра збаўленне, адрасаванай кожнаму чалавеку”, - дадаў ён.

Кардынал Чэрны выказаў надзею на тое, што Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Біскупская Рада Лацінскай Амерыкі “будуць ісці разам у сінадальнасці”, падкрэсліваючы станоўчы досвед апошніх гадоў у рэгіёне, пазначаны, у тым ліку, заснаваннем рэгіянальных і тэматычных сетак, правядзеннем сустрэч і семінараў. Іерарх заўважыў, што Касцёл у Лацінскай Амерыцы паказвае вельмі карысны прыклад для рэалізацыі сінадальнасці, якая дазваляе ўвайсці ў дынаміку ўзаемнага слухання, суправаджэння і ўзаемнага служэння.

 

16 ліпеня 2022, 09:42