Турын: першая агульнаеўрапейская сустрэча Тэзэ пасля пандэміі
Ян Глінскі - Vatican News
Першы этап форума праходзіў у анлайн-фармаце з 28 снежня 2021 па 1 студзеня 2022 года. Фізічна сабрацца разам маладым людзям з усёй Еўропы тады, як і годам раней, перашкодзіла пандэмія каронавіруса. Цяпер жа іх прымаюць сем’і і парафіі Турына.
Сустрэча адбываецца ў абмежаваным фармаце: на 7 ліпеня ў буйнейшы горад П’емонта прыбылі ўсяго 150 валанцёраў і каля тысячы ўдзельнікаў. Для параўнання, у папярэдняй сустрэчы ва Уроцлаве ўдзельнічала 15 тысяч чалавек.
Праграма форума ўключае ў сябе супольную малітву, круглыя сталы, наведванне выставак, музеяў, важных гістарычных і рэлігійных месцаў. Сустрэча ў Турыне носіць выразны экуменічны характар, бо ў П’емонце вельмі актыўная італьянская пратэстанцкая супольнасць вальдэнсаў. Кульмінацыйнай падзеяй форума стане “Белая ноч веры”, якая распачнецца вечарам 9 ліпеня. Падчас яе моладзь прыме ўдзел у надзвычайнай адарацыі Турынскай плашчаніцы ў мясцовым катэдральным касцёле.