Ян Павел ІІ падчас сустрэчы з карэннымі народамі Канады ў 1987 годзе Ян Павел ІІ падчас сустрэчы з карэннымі народамі Канады ў 1987 годзе 

Ян Павел ІІ – прадвеснік прымірэння з карэннымі народамі Канады

Важны крок да прымірэння з карэннымі народамі Канады здзейсніў святы Ян Павел ІІ. Ён тройчы наведваў гэту паўночнаамерыканскую краіну: у 1984, 1987 і 2002 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Апошняя пілігрымка Яна Паўла ІІ была прымеркавана да XVII Сусветных дзён моладзі і праходзіла выключна ў Таронта. Але першыя дзве былі асаблівым чынам пазначаны ўвагай да карэннага насельніцтва Канады.

Падчас візіту ў 1984 годзе Пантыфік правёў дзве сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў гэтай краіны. Першая адбылася на другі дзень яго падарожжа ў нацыянальным санктуарыі Сэнт-Ан-дэ-Бапрэ ў Квебеку. Папа казаў тады пра неабходнасць “прымірэння паміж народамі”, а таксама заклікаў індзейцаў ніколі не забываць, што Касцёл Езуса Хрыста – гэта і іх Касцёл. Завяршыў сваю прамову Ян Павел ІІ на некаторых мовах карэнных народаў, выражаючы такім чынам сваю блізкасць і братэрскую любоў да іх.

Праз некалькі дзён Пантыфік накіраваўся ў Санктуарый канадскіх мучанікаў у Мідландзе, дзе ўзначаліў Літургію слова з удзелам абарыгенаў. У гаміліі ён заўважыў, што “на працягу сваёй гісторыі Касцёл заўсёды ўзбагачаўся новымі традыцыямі, якія паступова дадаваліся да яго жыцця і спадчыны”. “Сёння мы ўдзячныя за тую ролю, якую аўтахтоннае насельніцтва выконвае не толькі ў шматкультурнай тканцы канадскага грамадства, але таксама ў жыцці Каталіцкага Касцёла”, - казаў ён.

У 1984 годзе Ян Павел ІІ планаваў сустрэцца з супольнасцямі першых народаў, метысаў і інуітаў у мястэчку Форт-Сімпсан на захадзе Канады, але яго візіту туды перашкодзілі метэаралагічныя ўмовы. З-за кепскага надвор’я самалёт з Пантыфікам на борце вымушана прызямліўся ў аэрапорце Елаўнайф. Папа вырашыў скіраваць відэапасланне да карэнных народаў. У сваім звароце ён падкрэсліў, што настаў час “перавязаць раны” і пераадолець падзелы, “час прабачэння, прымірэння і будавання новых адносін”, а таксама рашуча асудзіў “фізічны, культурны і рэлігійны прыгнёт”, які спазналі канадскія індзейцы. Ян Павел ІІ запэўніў, што наведае Форт-Сімпсан пры першай магчымасці. Яна наступіла праз тры гады: пасля Апостальскага падарожжа ў ЗША ў верасні 1987 года Пантыфік спецыяльна на адзін дзень накіраваўся ў Канаду, каб выканаць сваё абяцанне. У Форт-Сімпсане ён правёў сустрэчу і святую Імшу з карэннымі народамі, у якой бралі ўдзел каля 8 тысяч чалавек.


 

25 ліпеня 2022, 12:58